Першая адмова. Не зарэгістравана ініцыятыўная група Валерыя Каранкевіча
Акруговая камісія Крычаўскай выбарчай акругі № 83 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты Валерыя Каранкевіча. Падставай для адмовы стала тое, што шэсць з пятнаццаці сяброў ініцыятыўнай групы напісалі пісьмовыя заявы аб тым, што яны адмаўляюцца вылучаць Валерыя Каранкевіча ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Сёння каля дванаццаці гадзін дня мне патэлефанавалі з акруговай выбарчай камісіі, па мойму, гэта была Ларыс Жыркевіч, і паведамілі, што ў 16-00 адбудзецца паседжанне камісіі, дзе будзе разглядацца пытанне рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Я ў гэты час знаходзіўся ў грыбах, далёка не тое што ад Крычава, а нават ад Хоцімска. Справа ў тым, што папярэдне была дамоўленнасць, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп будзе адбывацца 17-га, таму я на гэта і разлічваў. Таму я паведаміў спадарыні Жыркевіч, што ніякім чынам на паседжанне паспець не змагу і дамовіўся з ёй, што прыеду за дакументамі для сяброў ініцыятыўнай групы 17-га. У мяне нават думкі не ўзнікла, што ініцыятыўную групу нейкім чынам могуць не зарэгістраваць. Яшчэ дамовіліся з сябрам камісіі, што я прыеду пасля 15-00, бо раней яна будзе на нарадзе ў Магілёве, туды павінна прыехаць старшыня ЦВК Ярмошына. Ну а ўжо вечарам мне патэлефанавалі з камісіі і сказалі, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмоўлена на падставе таго, што шэсць чалавек з пятнацці яе сяброў напісалі пісьмовыя заявы аб тым, што адзываюць подпісы за маё вылучэнне. Разам з сваім начальнікам штаба Пятром Басейка я аб’ехаў усіх гэтых людзей, яны распавялі пра тое, што з усімі імі правялі гутаркі на працы і не толькі, запалохвалі, таму яны вымушаны былі адазваць свае подпісы. Аднак яшчэ да вылучэння я папярэджваў, што можа быць шалёны прэсінг, яны пра гэта ведалі, таму некаторым з іх я проста не падам больш руку. Бог ім суддзя… Ведаю я і прозвішчы двух чыноўнікаў з Хоцімскага райвыканкама, якія арганізоўвалі ўвесь гэты ціск”.
Па словах Валерыя Каранкевіча, ужо заўтра ён перадасць у акруговую камісію дакументы з новым складам ініцыятыўнай групы.
“Я ўсё роўна пайду на гэтыя выбары кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, - кажа Валерый Каранкевіч. – Ужо заўтра я завязу дакументы ў акруговую камісію з новым складам ініцыятыўнай групы, у мяне ёсць яшчэ восем сяброў, якіх я збіраўся далучыць да складу групы. Ну а зараз давядзецца падаваць дакументы па новай, час гэта дазваляе зрабіць. Адно дрэнна, што менш часу застанецца на збор подпісаў”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма