Што хавае Маладэчанская гарадская камісія?
Маладэчанская гарадская камісія трымае ў таямніцы ад назіральніка Эдуарда Баланчука не толькі звесткі пра прэтэндэнта ў кандыдаты, які падаў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, але і час паседжанняў.
Каб атрымаць звесткі пра асобу, якая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, прадстаўнікі камісіі параілі Эдуарду прыйсці на паседжанне. Хаця абвестка аб паседжанні паведамляла, што яно адбудзецца ў панядзелак а 9 гадзіне, Эдуарда запэўнілі, што, хутчэй за ўсё, яно адбудзецца ўвечары, бо раптам удзень з’явяцца яшчэ прэтэндэнты ў кандыдаты, а калі канкрэтна – паабяцалі патэлефанаваць.
Не дачакаўшыся званка, Эдуард усё ж прыехаў у камісію раніцай, у пачатку дзесятай гадзіны – і ўбачыў, што паседжанне ў самым разгары, але адразу па з’яўленні назіральніка яно было скончана. Тады Эдуард звярнуўся да старшыні камісіі Святланы Юрчык з просьбай паведаміць яму інфармацыю аб прэтэндэнтах у кандыдаты – і атрымаў адмову, маўляў, ён можа толькі прысутнічаць на паседжаннях. Калі ж Эдуард нагадаў пра яе абяцанне паведаміць пра час паседжання, яна адказала, што гэтага рабіць не абавязана.
Ні спасылкі на законы, ні нагадванні аб празрыстасці і дэмакратычнасці выбарчага працэсу не дапамаглі назіральніку Эдуарду Баланчуку ўсяго толькі даведацца, хто ж збіраецца вылучацца ў дэпутаты па Маладэчанскай гарадской акрузе.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма