Чаго варта чакаць ад Быхаўскай акруговай камісіі?
Сваімі прагнозамі на гэты конт падзяліўся прэтэндэнт у кандыдаты па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў.
Прааналізаваўшы асабісты склад сфармаванай акруговай камісіі, ён канстатуе, што яе аснову складаюць людзі, якія ўжо шмат гадоў забяспечваюць патрэбны вынік на “выбарах.
“На першым паседжанні камісіі яе старшынёй абраны кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама Дзмітрый Ігнацьеў, - кажа Сяргей Антонаў. - Можна адзначыць толькі адно: камісія адрозніваецца непарушнай стабільнасцю і архаічнасцю. Асноўныя яе сябры займаліся "выбарамі" ледзь не з брэжнеўскіх часоў і валодаюць несумнеўным талентам ператвараць волевыяўленне выбарнікаў у нешта падобнае да масавага гуляння…
У той час, як кандыдатуры назіральнікаў ад апазіцыі часта адхіляліся з-за пенсійнага ўзросту, быхаўскі пенсіянер Ігнацьеў паспяхова прайшоў адбор. Інакш і быць не магло. Справа ў тым, што ўлады пакуль не здолелі выхаваць ідэолагаў, роўных прафесіяналам старой, яшчэ камуністычнай школы. Вось і даводзіцца з года ў год усаджваць на чале выбарчага "стала" нязменнага "тамаду", які мітусіўся на старонках раённай газеты ў тыя былінныя часы, калі большасць цяперашніх кандыдатаў яшчэ пад стол пешшу хадзіла.
Такім чынам, чакаць ад Быхаўскай акруговай камісіі, якая курыруе цяперашнія выбары ў Быхаўскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Краснапольскім раёнах, чагосьці новенькага не даводзіцца”.
Сяргей Антонаў збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты па Быхаўскай выбарчай акрузе ад партыі БНФ, сябрам якой з’яўляецца больш за 15 гадоў. У якасці прэтэндэнта ў склад акруговай камісіі па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 ад партыі БНФ прапаноўвалася кандыдатура Уладзіміра Папкова, аднак у камісію яго не ўключылі, як і наогул усіх іншых прэтэндэнтаў ад партыі БНФ у Магілёўскай вобласці. У камісію Быхаўскай акругі № 81 увайшлі толькі прадстаўнікі праўладных арганізацый і адной палітычнай партыі – Камуністычнай партыі Беларусі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма