Дэпутат Уладзімір Кужанаў не хоча ісці на трэці тэрмін у “палатку”
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Буда-Кашалёўскай акрузе №38 (у яе склад уваходзяць Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі і частка Жлобінскага раёна) Уладзімір Кужанаў у апошнія перад выбарамі месяцы атакуе старонкі раённых газет. Дэпутат ужо два тэрміны «адбыў» у Палаце прадстаўнікоў. Як пісаў сайт «Гомельскай Вясны», раней не чуваць і не відаць было дэпутата парламента, але чым бліжэй выбары ў парламент, тым часцей на старонках буда-кашалёўскай, чачэрскай і веткаўскай раёнак пачало мільгаць прозвішча дэпутата.
Пасля шэрагу матэрыялаў на старонках газеты «Голас Веткаўшчыны» эстафету па піяры дэпутата пераняла буда-кашалёўская газета «Авангард». Рэдакцыя выдання змясціла вялікае інтэрв'ю з палатачнікам пад пафаснай назвай «Я заўсёды на баку чалавека».
Уладзімір Кужанаў распавёў мясцовым журналістам, што восем гадоў у парламенце для яго прайшлі добра, і дадзены этап працоўнай дзейнасці «аказаўся вельмі цікавым і насычаным». «Калі б я не адчуваў падтрымкі выбарцаў, дык я б на чацвёртае скліканне не пайшоў бы», - запэўніў дэпутат. Але дадаў, што на трэці тэрмін не плануе вылучацца. «Трэба ўмець у час сыходзіць», - падкрэсліў Уладзімір Кужанаў, і выказаў падзяку мясцовым уладам за дапамогу.
На пытанне – што будзе рабіць дэпутат пасля таго, як не будзе дэпутатам, ён адказаў, што хоча быць сацыяльна запатрабаваным.
Таму, хто прыйдзе яму на змену – новаму дэпутату-палатачніку, Уладзімір Кужанаў параіў умець слухаць людзей, прапускаць любую просьбу выбарца праз сябе.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма