На сайце Любанскага выканкаму з’явіўся спіс забароненых месцаў
Толькі 17 ліпеня на сайце Любанскага выканкаму было апублікавана рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаванняў з мэтаю збору подпісаў выбарцаў, хоць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачалося яшчэ 15 ліпеня. Пры гэтым ні нумару рашэння, ні даты яго прыняцця ў апублікаваным варыянце няма.
Тэрыторыя Любанскага раёну на гэтых выбарах ўваходзіць у склад Салігорскай сельскай выбарчай акругі №69. Такім чынам грамадзяне, якія вырашылі вылучыць свайго кандыдата па дадзенай акрузе шляхам збору подпісаў, два дні наўпрост не ведалі, дзе гэта можна рабіць легальна.
Зрэшты, азнаёміўшся з тэкстам рашэння можна прыйсці да высновы, што публічных месцаў для правядзення пікетаў па зборы подпісаў на тэрыторыі Любанскага раёну практычна няма. Паводле дакумента забаронена правядзенне пікетаванняў з мэтай збору подпісаў на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазберажэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы).
Адзначым той факт, што на тэрыторыі Салігорскага раёну, частка якога таксама ўваходзіць у Салігорскую сельскую выбарчую акругу №69, пікеты па зборы подпісаў каля арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, не з’яўляюцца забароненымі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма