Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяржвыданні Гомельшчыны – пра выбары

Ці пішуць пра выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання сайты дзяржаўных раённых выданняў Гомельскай вобласці? Адказу на гэтае пытанне давялося шукаць у інтэрнэт-версіях рэгіянальных выданняў, з якімі прапаноўвае азнаёміцца сайт “СМІ Гомельскай вобласці”.

У “Петрыкаўскіх навінах” першая інфармацыя пра выбары з’явілася толькі 17 ліпеня.  У артыкуле, перадрукаваным з БЕЛТА, распавядаецца пра “даволі высокую актыўнасць” палітычных партый: “Напрыклад, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” па колькасці вылучаных у склад акруговых камісій кандыдатаў практычна зраўнялася з РГА “Белая Русь” і БРСМ”. Пра кандыдатаў ад палітычных партый таксама пішуць на афіцыйным сайце Жлобінскай раённай газеты “Новы дзень” і Ельскай раённай газеты “Народны голас” – тут падаецца інфармацыя БЕЛТА пра працэнтную суаднесенасць кандыдытаў.

Сайт “Калінкавіцкіх навінаў” першую інфармацыю пра выбары падае толькі 13 ліпеня, матэрыял прысвечаны стварэнню акруговай выбарчай камісіі Калінкавіцкай выбарчай акругі. Публікуецца спіс асобаў, якія ўвайшлі ў склад каміі. Пра адрас АВК, яе кантактныя нумары і час пацы ўзгадваецца толькі ў інтэрнэт-версіях газет “Калінкавіцкія навіны”, “Новы дзень” (Жлобінская раённая газета), “Чачэрскі веснік”, “Авангард” (Буда-Кашалёўская раённая газета).

На сайце Мазырскай грамадска-палітычнай газеты “Жыццё Палесся” ніякай інфармацыі, акрамя той, што 23 верасня адбудуцца выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, няма. Асноўнай тэмай інтэрнэт-версіі друкаванага выдання з’яўляецца ўборка збожжавых.

Здзівілі некаторыя сайты рэгіянальных выданняў. Напрыклад, на сайце Лельчыцкай раённай грамадска-палітычнай газеты “Светлае жыццё” адсутнічае не толькі адмысловы раздзел “Выбары-2012”  і матэрыялы па гэтай тэме, але і свежыя навіны у раздзеле “Навіны”. Там апошняя публікацыя з’явілася 19 чэрвеня і ніякім чынам не датычыцца выбарчай кампаніі.  А сайты грамадскай газеты Брагінскага раёна “Маяк Палесся”  і  газеты горада Ветка “Голас Веткаўшчыны”апублікавалі толькі вытрымкі з каляндарнага плана арганізацыйных мерапрыемстаў – гэта  ўся інфармацыя, якая тычыцца выбараў. На сайце “Светлагорскіх навінаў” 5 ліпеня быў змешчаны банэр “Выборы 23 сентября 2012”, перайшоўшы на які знаходзіш неактыўную спасылку на старонку партала горада Светлагорска (прагледзець яе ўдалося толькі пасля таго, як  адрас старонкі, пазначаны каля банэра, быў скапіяваны ў радок пошука, што не вельмі зручна). Аднак інфармацыя, на якую даецца спасылка, знаёміць чытача толькі  з заканадаўчымі артыкуламі і пастанаўленнямі Цэнтральнай камісіі па выбарах  і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.   Такім чынам, на сайце раённай газеты “Светлагорскія навіны” падзеі выбарчай кампаніі не асвятляюцца ўвогуле.

Падобная сітуацыя назіраецца  і на сайтах такіх рэгіянальных газет Гомельскай вобласці як “Лоеўскі край”, “Чырвоны кастрычнік” (г.п. Акцябрскі), “Светлае жыццё” (Лельчыцкая раённая газета). На сайце Нараўлянскай газеты “Прыпяцкая праўда” у калонцы “Выборы -2012”  змешчана адна публікацыя ад прэс-службы прэзідэта РБ з інфармацыяй пра тое, што ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Дата гэтай публікацыі, як і іншых матэрыялаў, размешчаных на сайце, не пазначана.

Такім чынам, па становішчы на 17 ліпеня найбольшую колькасць апублікаванай на сайтах раённых газет Гомельскай вобласці інфармацыі, якая датычыцца выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, прапануюць сайты наступных выданняў: “Народны голас” (16 публікацый), “Свабоднае слова” (10 публікацый), “Зара над Сожам” (7 публікацый), “Авангард” (6 публікацый), “Дняпровец” (5 публікацый), “Новы дзень” (4 публікацыі),  “Чачэрскі веснік” (3 публікацыі). Аднак гэта публікацыі выключна афіцыйнага характару.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма