Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

ЦВК вучыць камісіі, як дзейнічаць, калі на ўчастак прыйдуць сябры БНФ ці замежныя журналісты

Цэнтральная выбарчая камісія выдала яшчэ 5 ліпеня пастанову №37 «Аб правядзенні трэнінгаў для сябраў участковых выбарчых камісій» з мэтай «практычнай адукацыі сябраў участковых камісіі асноўным выбарчым дзеянням». Сваёй пастановай ЦВК прапануе акруговым камісіям правесці трэнінгі для сябраў участковых камісій і ўхваліць у якасці ўзорнага Сцэнар трэнінга, які прыкладаецца да пастановы.

Сцэнар трэнінга называецца «Свабодныя, дэмакратычныя выбары – празрыстыя працэдуры». Форма правядзення трэнінга – дзелавая гульня.

Удзельнікі трэнінгу разыгрываюць розныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць на ўчастку ў дзень выбараў ці падчас датэрміновага галасавання.

Напрыклад, ЦВК прадугледзела такую сітуацыю, што «на ўчастак прыйшлі Томас Грын – карэспандэнт амерыканскай газеты «The New York Times» і Сцяпан Кургановіч – карэспандэнт газеты «Беларускі час». Яны прад'явілі дакументы – акрэдытацыю пры МЗС і пасведчанне журналіста, і папрасілі распавесці пра ход галасавання, зрабіць здымкі і відэа. Што рабіць у такой сітуацыі? ЦВК дае «правільнае рашэнне»: расказаць аб ходзе галасавання, дазволіць здымкі.

ЦВК падае яшчэ адзін прыклад: калі на ўчастку для галасавання з'явіўся назіральнік ад партыі БНФ, які папрасіў старшыню камісіі даць яму інфармацыю аб колькасці прагаласаваўшых, паколькі сам не мог назіраць за датэрміновым галасаваннем па ўважлівай прычыне. Старшыня адмовіў. «Правільнае рашэнне – старшыня фармальна мае рацыю. Але, праводзячы выбары адкрыта і галосна, камісія інфармуе грамадзян аб ходзе датэрміновага галасавання шляхам вывешвання пратаколаў. Гэта інфармацыя для ўсіх грамадзян. Таму будзе правільным, калі старшыня дасць назіральніку інфармацыю аб колькасці прагаласаваўшых». Дарэчы, ЦВК прадугледжвае, што назіральнік можа захацець пераначаваць на ўчастку. Але рабіць гэта нельга. А калі назіральнік папросіць прыбраць пальмы і фікусы, якія засланяюць ад яго ўрны для галасавання, то старшыня павінен іх прыбраць.

Разыгрываецца таксама сітуацыя, калі на ўчастак прыйдзе назіральнік ад АБСЕ, які згубіў сваё пасведчанне. Тэарэтычна яго могуць дапусціць на падлік галасоў, калі спраўдзяць інфармацыю аб ім у ЦВК.

А пры сітуацыі, калі назіральнікі не могуць рэальна назіраць за падлікам, бо знаходзяцца далёка ад стала, ЦВК дае рэкамендацыі, што «у залежнасці ад канкрэтных умоў памяшкання старшыня камісіі павінен указаць назіральнікам месца іх размяшчэння, з якога яны могуць рэальна назіраць працэс падліку».

Дадзеную пастанову ЦВК можна спампаваць па спасылцы: http://www.rec.gov.by/Elections-PPNS5-Post.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма