Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Бабруйску пачаўся піяр праўладных кандыдатаў

  • Перадвыбарчае фота Максіма Суботкіна, намесніка дырэктара хакейнага клуба “Шыннік”
    Перадвыбарчае фота Максіма Суботкіна, намесніка дырэктара хакейнага клуба “Шыннік”

Ужо дакладна вядома, што адным з кандыдатаў ад улады будзе  Максім Суботкін. Зараз ён з’яўляецца дэпутатам гарсавета і намеснікам дырэктара хакейнага клуба “Шыннік”. Аб сваім жаданні балатвацца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ён напісаў у сацыяльных сетках. Там жа ён паведаміў, што ідзе на выбары не з-за асабістых амбіцый ці меркантыльных інтарэсаў. “У мяне дастойны заробак, які я сумленнай працай зарабляю, я не славалюбны, я хачу зрабіць шмат карыснага для нашага горада і для кожнага… Паважаныя сябры, калі нехта мяне падтрымлівае і гатовы зрабіць свой выбар! Я Вам буду вельмі ўдзячны! Будучыня за намі – таму, што мы маладыя!”, - напісаў Максім Суботкін.

Варта адзначыць, што гэты праўладны прэтэндэнт актывізаваў сваю дзейнасць за некалькі месяцаў да выбарчай кампаніі. Яшчэ ў траўні ён адмаўляўся, што збіраецца ісці на выбары. Але ў гэты ж час ён запусціў на папулярным мясцовым інтэрнэт-рэсурсе праект “Задай пытанне дэпутату”, рэклама якого вісела амаль на ўсіх гарадскіх аўтобусах, правёў распіяраную ў СМІ акцыю з удзелам БРСМ па прыборцы тэрыторыі ля Бярэзіны.

Некалькі дзён таму ў інтэрнэце з’явіліся і яго красамоўныя фотаздымкі, падобныя на перадвыбарчую фотасесію (фотаздымак уверсе).

Таксама ў свежых выпусках гарадскіх газет з’явіліся інтэрв’ю з дзеючай дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Аленай Шамаль і галоўным ідэолагам фабрыкі “Славянка” Мікалаем Плаксіцкім. Менавіта іх, па чутках, “сватаюць” гарадскія ўлады ў наступны склад ПП НС. Называюць нават акругі, па якіх пойдуць на выбары гэтыя людзі: Шамаль па Сельскай, Плаксіцкі па Ленінскай (Суботкіну, такім чынам, застаецца Першамайская).

Інтэрв’ю з Аленай Шамаль, якая зараз працуе ў камісіі па ахове здароўя ПП НС, называецца “Помогать людям – депутатский долг”, яно надрукаванае ў 52-м нумары “Бабруйскага жыцця”. У ім дэпутатка расказвае пра законапраекты, прынятыя парламентам, і пра сваю дзейнасць.

Ідэолаг швейнай фабрыкі мае вялікі вопыт працы ў выбарчых камісіях. Напрыклад, на апошніх прэзідэнцкіх выбарах ён займаў пасаду старшыні АВК па Ленінскім раёне. Інтэрв’ю з Мікалаем Плаксіцкім пад назвай “Социальный статус “Славянки” выйшла ў № 29 газеты “Коммерческий курьер”. У ім чыноўнік падрабязна расказвае пра дапамогу, якую аказваюць на фабрыцы працоўным.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма