Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: паседжанне акруговай камісіі №87 не абыйшлося без казусаў

  • Праваабаронца Барыс Бухель (Магілёў)
    Праваабаронца Барыс Бухель (Магілёў)

18 ліпеня стала вядома пра рэгістрацыю першых трох ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

Акруговая выбарчая камісіі №87 на сваім паседжанні зарэгістравала ініцыятыўныя групы актывісткі кампаніі “Гавары праўду” Аксаны Закрэўскай, актывіста аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксандра Ірхо і кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі завода “Магілёўхімвалакно” Ігара Станкевіча.

Не абыйшлося і без казусаў. Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на паседжанні камісіі ў якасці назіральніка, кажа, што яму было забаронена весці дыктафонны запіс. За гэта сябры камісіі нават прагаласавалі. Супраць былі ўсяго два чалавекі. Адзін з тых, хто галасаваў “супраць”, быў актывіст Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

Другім непрыемным выпадкам стала тое, што падчас праверкі складу ініцыятыўнай групы Аксаны Закрэўскай адзін чалавек напісаў заяву аб выхадзе з яе складу.

На паседжанні акруговай камісіі было паведамлена, што ўчастковыя выбарчыя камісіі будуць створаны амаль у тых жа самых межах, якія яны мелі падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Выключэнне складзе адзін выбарчы ўчастак, які будзе расфармаваны. Ён знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай часткі і мае на сваёй тэрыторыі толькі 12 салдат-тэрміновікаў. Усе астатнія салдаты служаць па кантракту і могуць прагаласаваць па месцы прапіскі. Салдаты-тэрміновікі здолеюць без праблем прагаласаваць на бліжэйшым выбарчым участку.

Агульная колькасць выбаршчыкаў на тэрыторыі выбарчай акругі №87 складае каля 65 тысяч чалавек.

Праваабаронца Барыс Бухель паведамляе, што наступнае паседжэнне акруговай камісіі адбудзецца ў пятніцу. Гэта звязана з тым, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп падалі яшчэ два чалавекі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма