Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Маладэчна: Раўнавага кандыдатаў на гарадской акрузе захавана

Хаця па Маладэчанскай гарадской выбарчай акрузе і чакаецца вылучэнне старшыні райвыканкама, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаў яшчэ адзін праўладны прадстаўнік – журналістка “Радыё Маладэчна” Галіна Лазоўская. Такім чынам на гэтай акрузе дваім апазіцыйным прадстаўнікам – сябру Партыі БНФ і былому сябру АГП – будуць супрацьстаяць два “канструктыўных” кандыдаты.

Галіна Лазоўская – асоба ў горадзе даволі вядомая як прафесійная журналістка, прывабная жанчына і жонка рэдактара галоўнага мясцовага выдання, але цалкам відавочна, што яе кандыдатства – не дзеля перамогі. Меркаванні мясцовых грамадскіх актывістаў наконт мэты яе вылучэння падзяліліся.

Адны лічаць, што такі крок задуманы, каб стварыць бачнасць альтэрнатыўных выбараў у выпадку, калі абодва апазіцыйных кандыдата не пойдуць да канца, што хутчэй за ўсё і адбудзецца.

Іншыя мяркуюць, што спадарыня Лазоўская пры любым раскладзе здымецца пад “кандыдата №1”, але спярша падтрымае праўладнага вылучэнца чарговымі дыфірамбамі беларускаму кіраўніцтву – каб забяспечыць яму “элегантную перамогу”.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма