Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Барысаве склад акруговых камісій так і не апублікаваны

Так і застаецца таямніцай для жыхароў Барысава і раёна, хто ж увайшоў у склад акруговых камісій Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62 і Барысаўскай раённай выбарчай акругі № 63.

Інфармацыя на сайце Барысаўскага райвыканкама застаецца нязменнай з 13 ліпеня: актыўная спасылка на ЦВК, адрасы гарадской і сельскай акруговых камісій, а таксама рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Інфармацыя аб складзе акруговай камісіі адсутнічае.

Друкаваная версія райвыканкамаўскай газеты «Адзiнства» таксама не апублікавала склад акруговых камісій. Затое аддала цэлую паласу пад справаздачу аб працы Палаты прадстаўнікоў з вуснаў дзейнага дэпутата ад Барысава Віктара Гумінскага. У электроннай версіі інфармацыя аб складзе акруговых камісій бедная: паказаныя адрасы, па якіх яны размяшчаюцца, час працы, а таксама толькі імёны старшыняў і сакратароў. Нават імёны намеснікаў старшыняў не названыя.

Старшынёй акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання абраны Васіль Бараннік, сакратаром - Таццяна Стасава. Яны ж былі на гэтых пасадах у Барысаўскай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе.

Старшынёй акруговай камісіі Барысаўскай раённай выбарчай акругі № 63 стаў старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі, сакратаром - галоўны спецыяліст па арганізацыйна-кадравай працы Барысаўскага райвыканкама Таццяна Тарасевіч.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма