Салігорск: Незалежныя назіральнікі не могуць патрапіць на паседжанні АВК
Назіральнікі ад Беларускага Хельсінскага камітэту па салігорскіх выбарчых акругах №68 і №69 не могуць патрапіць на паседжанні акруговых выбарчых камісій.
Праваабаронцу Леаніду Мархотку, заргэістраванаму назіральнікам па гарадской акрузе №68, у камісіі паабяцалі кожны раз паведамляць пра дату і час правядзення паседжанняў. Да гэтага моманту ніводнага тэлефоннага званка ён не атрымаў.
Сябра БХК Уладзімір Шыла чакаць званкоў з выбарчай камісіі па салігорскай сельскай акрузе №69 не стаў. Пасля таго, як у выканкаме яго падманулі з датай першага паседжання акруговай камісіі, назіральнік сам кожную раніцу тэлефануе і ўдакладняе, ці будзе ў гэты дзень паседжанне. Зрэшты, і такая тактыка патрапіць на паседжанне яму не дапамагла.
- У суботу, 14 ліпеня, сакратарка камісіі паведаміла мне, што бліжэйшае паседжанне з-за прыезду ў Салігорску Аляксандра Лукашэнкі будзе перанесена з аўторка 17 ліпеня на сераду 18-га. Маючы сумны досвед першага паседжання, я усё ж раніцай 17-га вырашыў удакладніць, ці ў выніку перанеслі паседжанне на сераду 18 ліпеня. Высветлілася, што яго ўвогуле ўжо правялі ў панядзелак 16-га ліпеня. Мне, натуральна, ніхто з камісіі не пазваніў і не папярэдзіў аб новым пераносе паседжання, - абураецца Уладзімір Шыла.
Аб правядзенні новых паседжанняў незалежным назіральнікам дагэтуль нічога не вядома.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма