Віцебскім апазіцыянерам давядзецца спаборнічаць са знакамітым спартоўцам, выбітным педагогам і чыноўнікамі
Камісія Наваполацкай выбарчай акругі №25 зарэгістравала ініцыятыўную групу актывіста з Глыбокага Яраслава Берніковіча. У Наваполацку збіраецца балатавацца і тутэйшы ўраджэнец, удзельнік Алімпійскіх гульняў кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі.
З асобай Вадзіма Дзевятоўскага быў звязаны скандал з-за допінгу на Пекінскай алімпіядзе ў 2008 годзе. Тады спартоўца пажыццёва дыскваліфікавалі і адабралі срэбны медаль, але яму ўдалося даказаць сваю невінаватасць і вярнуць узнагароду.
Якраз 19 ліпеня стала вядома, што Дзевятоўскі адмовіўся ад удзелу ў сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Лондане, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што з-за траўмы спіны не здолее паказаць добры вынік. 3 жніўня, калі ў Лондане будуць спаборнічаць кідальнікі молату, Вадзім Дзевятоўскі будзе праводзць сваю выбарчую кампанію.
Яраслава Берніковіча такая "канкурэнцыя" не палохае: у выбарах ён удзельнічаў ужо не аднойчы, у тым ліку і ў мясцовых, і ў парламенцкіх. Таксама быў кіраўніком рэгіянальных штабоў Сямёна Домаша, Аляксандра Мілінкевіча і Уладзіміра Някляева падчас апошніх прэзідэнцкіх выбарчых кампаній. Апазыцыянер мае і адпаведную адукацыю – спецыяльнасць палітолага-юрыста.
Камісія Віцебскай-Чкалаўскай акругі №18 зарэгістравала 19 ліпеня ініцыятыўную групу юрыста Аляксея Гаўруцікава, паплечніка і аднапартыйца палітвязьня Мікалая Статкевіча. У адной акрузе са спадаром Гаўруцікавам будзе балатавацца Мікалай Волкаў, вядомы ў Беларусі педагог, які падрыхтаваў сотні пераможцаў прадметных алімпіяд. Спадар Волкаў -- заслужаны работнік народнай адукацыі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, дэпутат Віцебскага абласнога савета 26 склікання, лаўрэат звання "Чалавек года Віцебшчыны".
Камісія Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17 зарэгістравала ініцыятыўную групу і яшчэ адной прыхільніцы Мікалая Статкевіча, Алены Фаміной. Яе чакае спаборніцтва з былым старшынём Віцебскага гарсавету Генадзем Грыцкевічам, дзейным дэпутатам Парламенту, які адзіны з усяго Віцебску вырашыў балатавацца і на другі тэрмін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма