Вылучэнне Статкевіча: у Бабруйску ініцыятыўная група са зняволеных, у Мінску ад адмовы ўстрымаўся Вазняк
Мінск
На сёння ў Грушаўскай акрузе №98 зарэгістравана тры ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў: палкоўніка МУС Васіля Аляксеенкі, псіхатэрапеўта Аляксея Хадоркіна і падпалкоўніка МНС Івана Шэянка. Жонцы Мікалая Статкевіча Марыне Адамовіч у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмовілі.
Як адзначыла назіральніца Наталля Манькоўская, старшыня акруговай выбарчай камісіі Таццяна Краўчанка спачатку зачытала рашэнне камісіі - адмовіць, бо Статкевіч знаходзіцца ў турме, а пасля вынесла гэтае на галасаванне. У выніку з прысутных 11 чальцоў толькі адзін устрымаўся – сябра Бюро ЦК партыі “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк, усе астатнія прагаласавалі супраць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча.
На ўчарашнім паседжанні камісія таксама разглядала спіс забароненых месцаў для збору подпісаў. У часе абмеркавання адзін з чальцоў запытаўся, колькі кандыдатаў ужо зарэгістравана па Грушаўскай акрузе №98. “Рэгістрацыя кандыдатаў будзе адбывацца з 14 па 23 жніўня. Дзіўна, што такія пытанні задае прадстаўнік камісіі, улічваючы, што падчас фарміравання камісіяў прадстаўнікі Мінгарвыканкама казалі, што адбор быў на карысць людзей, дасведчаных у справе выбараў. А выходзіць, што не ўсе чальцы нават знаёмыя з тэрмінам рэгістрацыі кандыдатаў”, - адзначыла назіральніца.
Бабруйск
На пасяджэнні камісіі Першамайскай АВК 19 ліпеня былі агучаныя імёны зарэгістраваных і не зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Нечаканасцю для ўсіх стаў факт спробы вылучэння па гэтай акрузе групы Міколы Статкевіча.
-На пасяджэнні нам сказалі, што ў Міколы Статкевіча група складалася з 114 чалавек, - здзіўляецца назіральнік Віктар Качан. – І ўсе яны зараз знаходзяцца ў калоніі, гэта і стала падставай адмовіць у рэгістрацыі, бо гэтыя людзі не змогуць весці актыўную выбарчую кампанію.
Таксама на гэтай акрузе з’явіўся яшчэ адзін незалежны прэтэндэнт, ініцыятыўную групу каторага ўжо зарэгістравалі – гэта жыхар Магілёва і сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандр Ірхо. Зарэгістравалі ў Бабруйску і магілёўчанку з кампаніі “Гавары праўду” Аксану Самуйлаву.
Таксама па гэтай АВК будуць удзельнічаць у выбарах праўладныя кандыдаты – намеснік дырэктара ХК “Шыннік” і дзейсны дэпутат гарсавета Максім Суботкін, аператар РУП “Беларусьнафта” Яўген Катовіч, дырэктар САШ № 30 Жана Мішур.
Нагадаем, што у гэтую ж акруговую выбарчую камісію падаваў дакументы і лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага Міхаіл Кавалькоў. Але разгляд яго дакументаў адбудзецца пазней.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма