Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: забаронены пікет за паляпшэнне выбарчага заканадаўства

Грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў ліст ад 19 ліпеня за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што гарвыканкам на падставе Закона РБ ад 30.12.1997 № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах” (у рэдакцыі Закона РБ ад 08.11.2011 № 308-З) не дае згоды на правядзенне пікета 28 ліпеня ў старым парку горада. Гарвыканкам лічыць, што Рыгор Грык парушыў арт. 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” і п.4 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 16 чэрвеня 2009 года № 1497. Нягледзячы на вуснае і пісьмовае патрабаванне заяўніка ўказаць, якую канкрэтна норму закона ён парушыў, гарвыканкам традыцыйна адмаўляецца гэта зрабіць.

– Праз пікет я хацеў выказаць пратэст супраць адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай группы Дзмітрыя Уса па збору подпісаў па ўнясенню зменаў у выбарчае заканадаўства. Людзі павінны ведаць, што у нас ёсць грамадскія актывісты, якія хочуць змяніць выбарчыя законы ў лепшы бок, але ўлада не дае ім такой магчымасці, – патлумачыў Рыгор Грык.

Гэта ўжо шостая запар забарона пікету, які збіраўся правесці ў 2012 годзе грамадскі актывіст Рыгор Грык.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма