Цэнтрвыбаркам прызнаў, што не размяшчае ўсе свае пастановы на сайце
Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў сваім адказе, які атрымаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, выказала неразуменне, як неразмешчаныя пастановы аб камандзіраванні членаў ЦВК, аб зацвярджэнні справаздач аб службовых камандзіроўках, альбо аб прадастаўленні адпачынку ёй абмяжоўваюць правы і законныя інтарэсы выбаршчыкаў.
Лідзія Ярмошына таксама адзначыла, што сцвярджэнне Барыса Бухеля аб тым, што сайт Цэнтральнай камісіі не адпавядае палажэнню дзеючага заканадаўства аб парадку функцыявання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, з’яўляецца безпадстаўным, а на некарэктнасць і безапеляцыйнасць высноваў праваабаронцы яна звяртала ўвагу ў сваім адказе яшчэ ў 2010 годзе.
Тым часам Барыс Бухель адзначае, што ў ч.1 арт 321 Выбарчага кодэкса не пазначаны ніякія абмежаванні для прынцыпаў адкрытасці і галоснасці працы Цэнтрвыбаркама.
“Першым і галоўным пытаннем усіх, без выключэння, выбарчых кампаній з’яўляецца пытанне аб даверу да выбарчых камісій. Па-другое – усе камандзіроўкі членаў ЦВК падчас выбарчых кампаній звязаны з забеспячэннем і рэгуляваннем хода гэтых кампаній на месцах. Гэты працэс цікавы ўсім удзельнікам выбарчага працэсу”, - кажа Барыс Бухель.
“Відавочна, што ўсе дэмакратычныя партыі і грамадскія аб’яднанні хацелі б загадзя ведаць аб камандзіроўках членаў ЦВК у рэгіёны і мэтах гэтых камандзіровак, каб своечасова накіроўваць сваіх назіральнікаў на сустрэчы членаў ЦВК з мясцовымі органамі ўлады і членамі выбарчых камісій на месцах і тым самым без пасярэднікаў ведаць, чаму члены ЦВК вучуць мясцовыя выбаркамы і якія ім даюць інтсрукцыі, а таксама аб чым яны дамаўляюцца з мясцовымі ўладамі”, - працягвае праваабаронца.
Барыс Бухель кажа, што ўсім актыўным ўдзельнікам выбарчага працэсу было б цікава ведаць аб службовых камандзіроўках, што ў справаздачах аб іх, наколькі яны абгрунтаваныя і аб’ектыўныя, наколькі абгрунтаваныя рашэнні ЦВК па гэтых справаздачах.
“Тым болей, што падчас выбарчых кампаній у адпачынак члены ЦВК не ходзяць, а калі ўсё ж такое адбываецца, то гэта выклікае законны інтарэс выбаршчыкаў”, - гаворыць праваабаронца.
Нагадаем, што на дадзеным момант неразмешчанымі на сайце Цэнтрвыбаркама, па падліках праваабаронцы Барыса Бухеля, з’яўляюцца мінімум 47,37% усіх яго пастаноў. Падчас двух выбарчых кампаній 2010 года на сайце адсутнічала болей за 83% гэтых пастановаў. Тады Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу праваабаронцы на ЦВК спаслаўшыся на тое, што Цэнтрвыбаркам яму не падсудны.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма