Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебскі гарвыканкам рэкламуе "перадвыбарчыя" паслугі прадпрыемства "Віцебскрэклама"

Гарвыканкам распрацаваў эскізы перадвыбарчай нагляднай агітацыі, якую раіць размяшчаць "у месцах масавага знаходжання людзей". А рэкламнае прадпрыемства гатова ўвасобіць іх у жыццё на замову кіраўнікоў арганізацый і установаў.

Абвестка пра неабходнасць забяспечыць усе прадпрыемствы перадвыбарчай нагляднай агітацыяй рэкамендаванага ўзору размешчана на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму ў раздзеле пра навіны выбарчай кампаніі ў рэгіёне.

Непасрэдна адтуль можна перайсці на інтэрнэт-старонку прадпрыемства "Віцебскрэклама", якое вырашылі "прасоўваць" гарадскія ўлады. Там змешчаны ўзоры перадвыбарчай рэкламнай прадукцыі. Іх усяго два, і гэта так званыя "календары" – выявы з датай выбараў і дзяржаўнымі сцягам і гербам. Адзін варыянт – на рускай мове, другі – на беларускай. Кошты залежаць ад памераў насценнай канструкцыі або ад колькасці невялікіх плакацікаў-улётак, якія тут можна замовіць.

Прэтэндэнт на ўдзел у будучых выбарах Яраслаў Берніковіч, генеральны дырэктар выдавецка-рэкламнага прадпрыемства "Прэфект-інфо", каментуе з'яўленне такой інфармацыі на афіцыйным сайце гарвыканкаму наступным чынам:

"Безумоўна, гэта "прасоўванне" канкрэтнага  рэкламнага прадпрыемства, "замаскіраванае" пад клопат пра выбаршчыкаў. Яшчэ ад савецкіх часоў любыя рэкамендацыі ўлады ўспрымаюцца некаторымі кіраўнікамі як загад. Гэтым псіхалагічным фактарам і скарысталіся віцебскія чыноўнікі. Уяўляю, колькі замоваў на выраб прадукцыі атрымалі б мы, каб Глыбоцкі райвыканкам параіў кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў звяртацца менавіта ў нашу фірму! Але нас улады так не "прасоўваюць, як "Віцебскрэкламу". Гэтае рэкламнае прадпрыемства можа заробіць неблагія грошы напярэдадні выбараў, калі менавіта яго "рэкамендуюць зверху".

У Віцебску ўжо можна ўбачыць узоры перадвыбарчай агітацыі, распрацаваныя гарвыканкамам: некаторыя прадпрыемствы і установы скарысталіся настойлівай парадай гарадскіх уладаў і замовілі "календары" у "Віцебскрэкламе". Некаторыя ж у мэтах эканоміі спрабуюць вырашаць "агітацыйна-мастацкую праблему" уласнымі сіламі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма