Мінск: Зарэгістраваны ініцыятыўныя групы Янукевіча, Мілінкевіча і Лябедзькі
У Мінску працягваюць рэгістраваць ініцыятыўныя групы па вылучэнні апазіцыйных палітыкаў кандыдатамі ў дэпутаты. На паседжаннях акруговых выбарчых камісій 23 ліпеня былі зарэгістраваныя групы старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.
Янукевіч вылучаецца ў сталічнай Аўтазаводзкай акрузе № 92. Як паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, у цяперашні час ёсць інфармацыя аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп 10 сябраў партыі з 12 заяўленых. Вадзім Саранчукоў з Гродна зарэгістраваў адразу чатыры ініцыятыўныя групы, каб мець магчымасць ставіць пікеты па ўсім горадзе. Нагадаем, што чэрвеньскі Сойм Партыі БНФ рэкамендаваў сваім сябрам рэгістраваць ініцыятыўныя групы, ставіць пікеты і збіраць подпісы, але не здаваць іх у выбарчыя камісіі.
Ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты лідэра АГП Анатоля Лябедзькі зарэгістраваныя адразу ў трох акругах Мінска - Старавіленскай № 105, Ясенінскай № 100 і Купалаўскай № 95. У цэлым, АГП не мае намеру паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарах і рэгіструе кандыдатаў, каб правесці кампанію байкоту «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!».
Ва Уручскай акрузе № 109 за дэпутацкае крэсла будзе змагацца Аляксандр Мілінкевіч. У Сухараўскай акрузе № 102 зарэгістравана група сябра партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука.
Цікаўны прэтэндэнт у дэпутаты з'явіўся ў Каліноўскай акрузе № 108 - тут зарэгістравана ініцыятыўная група журналіста АНТ Жана Содэля. Варта адзначыць, што гэта ўжо другі супрацоўнік тэлеканала, які рвецца ў парламент у гэтым годзе, - вядучы праграмы «Как есть» Аляксей Міхальчанка балатуецца ў Полацкай акрузе.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма