Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

БРСМ ідзе на новыя выбары пад старым лозунгам

У Мінску ўжо з’явіліся білборды з заклікам “Зрабі свой выбар”. Убачыць іх можна на ўездзе ў горад з боку брэсцкай трасы, побач з мікрараёнам Брылевічы.

Лозунг “Зрабі свой выбар” БРСМ пачаў выкарыстоўваць у 2010 годзе  - падчас святкавання 90-годдзя камсамола. Тады быў арганізаваны адмысловы моладзевы форум, прысвечаны вынікам дзейнасці арганізацыі і яе мэтам на будучыню. Кіраўніцтва БРСМ не хавае, што дзейнічае пры падтрымцы і на карысць уладаў. Старшыня арганізацыі Ігар Бузоўскі адзначаў: “Моладзевая палітыка, прэзентаваная на форуме, рэалізаваная пры падтрымцы дзяржавы”. Надалей лозунг выкарыстоўваўся на прэзідэнцкіх выбарах-2010, калі БРСМ падтрымлівала кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі. Пасля выбараў старшыня выбарчага штабу Лукашэнкі і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў падзякаваў актывістам за працу і дадаў, што “БРСМ стаяў гарой за прэзідэнта”.

“БРСМ – непалітычная арганізацыя, - падкрэслівае старшыня арганізацыі Бузоўскі. - Але мы традыцыйна займаем актыўную грамадзянскую пазіцыю. Прадстаўнікі БРСМ ёсць сярод парламентарыяў, а таксама дэпутатаў аблсаветаў, мясцовых саветаў. Саюз моладзі не губляе з імі кантактаў. А яны таксама кожны на сваім узроўні нам дапамагаюць”.

Сёлета моладзевая арганізацыя таксама мае намер актыўна ўдзельнічаць на парламенцкіх выбарах: у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, сябраў у выбарчыя камісіі, назіральнікаў, а таксама арганізацыі экзіт-пулаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма