Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Партыйцы сутыкнуліся з адзінкавымі адмовамі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп

Пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты актывісты партыі "Справядлівы свет" не атрымалі ніводнай адмовы. Па ўдакладненых дадзеных, шляхам збору подпісаў будуць вылучацца 25 актывістаў партыі, паведаміў намеснік старшыні "Справядлівага свету" Валерый Ухналёў.

Зарэгістравалі і ўсе 15 ініцыятыўных груп ад 12 актывістаў Партыі БНФ, у тым ліку чатыры групы кіраўніка Гродзенскай абласной арганізацыі партыі Вадзіма Саранчукова.

Адразу ў трох акругах Мінска - Старавіленскай № 105, Ясенінскай № 100 і Купалаўскай № 95 - зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэнні лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

Акрамя таго, у сталіцы зарэгістравана ініцыятыўная група яшчэ аднаго прадстаўніка АГП - Валянціны Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча. Як паведамляе прэс-служба АГП, калі Валянціну Аліневіч зарэгіструюць кандыдатам у дэпутаты, яна абяцае прысвяціць свой выступ на тэлебачанні праблеме палізняволеных Беларусі.

Усяго ад АГП зарэгістравана 6 ініцыятыўных груп, у тым ліку 4 мінскія. У Брэсце ініцыятыўная група створана для вылучэння Дыяны Касцюковіч, у Барысаве балатуецца намеснік старшыні партыі Леў Марголін.

У Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 адмоўлена ў рэгістрацыі групы па вылучэнні сябра АГП Вікторыі Грынюк. Адмову патлумачылі адсутнасцю ў кіраўніка ініцыятыўнай групы, які падаваў заяву, даверанасці ад самога патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты.

Грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" атрымала дзве адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп сваіх актывістаў - не зарэгістраваныя групы Івана Амельчанкі, які балатаваўся ў сталічнай Каліноўскага выбарчай акрузе № 108, і Пятра Лебедзева, які падаваў заяву ў Жлобінскую акругу № 40. У абодвух выпадках камісіі адмовілі ў рэгістрацыі ў сувязі з тым, што прэтэндэнты не падавалі заявы асабіста, а адправілі іх па пошце.

Усяго ад "Гавары праўду!" зарэгістравана 25 ініцыятыўных груп, паведаміў Сяргей Вазняк.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма