У Быхаўскай выбарчай акрузе будуць збіраць подпісы толькі за кандыдата ад улады
Як стала вядома, на паседжанні камісіі Быхаўскай выбарчай акругі № 81 былі зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Адной з гэтых груп стала ініцыятыўная група пражываючага ў Магілёве сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандра Ірхо. Нагадаем, што ініцыятыўная група па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Ірхо зарэгістраваная яшчэ ў шэрагу выбарчых акругаў Магілёўскай вобласці. Па некаторай інфармацыі, Аляксандр Ірхо плануе вылучацца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84, прычым, хутчэй за ўсё, вылучэнне кандыдата адбудзецца на з’ездзе партыі “Справядлівы свет”.
Атрымала рэгістрацыю ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Тацяны Кананчук, якая пражывае ў Слаўгарадзе і ўжо не адзін год працуе старшынёй Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў. Верагодна, што толькі за Таццяну Пятроўну і будуць збіраць подпісы на тэрыторыі Быхаўскай акругі № 81 шматлікія супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, якія склалі аснову яе ініцыятыўнай групы.
Па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 збіраецца вылучацца ў якасці кандыдата пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў. Чакаецца, што спадар Антонаў будзе вылучаны кандыдатам у дэпутаты на з’ездзе партыі БНФ, сябрам якой ён з’яўляецца ўжо шмат гадоў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма