На Гомельшчыне адмоўлена ў рэгістрацыі шасці ініцыятыўным групам
24 ліпеня акруговыя камісіі Гомельскай вобласці завяршылі рэгістрацыю ініцыятыўных груп па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Па афіцыйнай інфармацыі, было пададзена 47 заяў на рэгістрацыі ініцыятыўных груп, з якіх 41 заява была задаволена (на 17 створаных акруг).
Па афіцыйнай інфармацыі, сярод патэнцыйных кандыдатаў – 37 беспартыйных, чатыры заяўнікі з'яўляюцца сябрамі партыі левых «Справядлівы свет» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На пачатку жніўня партыя левых «Справядлівы свет» правядзе сход, на якім будуць вылучаны кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку і ў Гомельскай вобласці. Таксама будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты і ад АГП, але яны будуць удзельнічаць, пры умове рэгістрацыі, да пэўнага этапу выбарчай кампаніі.
Прычынамі адмовы шасці ініцыятыўным групам у рэгістрацыі называецца тое, што патэнцыйныя кандыдаты не самі падавалі дакументы: у адным выпадку дакументы на рэгістрацыю былі накіраваны на пошце, ці дакументы былі пададзены асобамі, не ўпаўнаважанымі дзейнічаць ад імя патэнцыйнага кандыдата.
У Гомельскай вобласці створаны 1098 выбарчых участкаў, на шэсць менш, чым на мінулых выбарах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма