Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: першы пікет па збору подпісаў – за прадстаўніка Руху “За свабоду” (фота)

У Мазыры каля кірмаша “Прывоз” з’явіўся першы пікет па збору подпісаў -- за Нікадзіма Варановіча.

Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Рыгор Крывіцкі, які таксама з’яўляецца кіраўніком Мазырскага аддзялення ГА "Рух "За Свабоду", так тлумачыць з’яўленне пікета ў людным месцы: 

 -Трэба, каб людзі самі пабачылі, прачыталі, пачулі  пра прэтэндэнта ў кандыдыты. Іншым шляхам  данесці да людзей інфармацыю немагчыма. Гэта для вылучэнца ад уладаў мясцовая газета можа прысвяціць 2-3 старонкі  яго асобе, дасягненням.  Такога кандыдыта могуць паказаць і  па ТВ… Зараз ёсць праблема: пералік выбарчых участкаў у газеце “Жыццё Палесся” надрукавалі агулам, і нзразумела, якія выбарчыя ўчасткі ў горадзе адносяцца да Мазырскай выбарчай акругі №42, якія да Палескай №43. Прыйшлося звярнуцца з заявай да старшыні акруговай камісіі М. Пашынскага. Абяцаў праз тры дні даць адказ… а час ідзе…

Рыгор Крывіцкі не збіраецца ўвесь час збіраць подпісы толькі каля кірмаша:

-Дні 3-4 тут, потым пойдзем у іншае месца.  У ініцыятыўнай групе большасць працуючых, таму  магчымасць зладзіць больш пікетаў атрымаецца толькі ў выходныя дні. Пакуль ходзім па кватэрах. Ужо з неабходных 1000 подпісаў ёсць амаль палова. Але будзем збіраць да апошняга дня.

Па словах кіраўніка ініцыятыўнай групы Рыгора Крывіцкага, ужо сабрана каля 600 подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдыты  Нікадзіма Варановіча.

Пікет – гэта ўжо не першая прыкмета таго, што пачаліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. На вуліцах горада з’явіліся расцяжкі, бігборды, якія нагадваюць гаражанам пра значную падзею. А ў мясцовай газеце  “Жыццё Палесся” абнаўляецца  рубрыка  “Выбары -2012”. Амаль у кожным нумары размяшчаюць новую інфармацыю. Так, напрыклад, у №110 грамадска-палітычнай газеты “Жыццё Палесся” ад 24 ліпеня апублікавалі разважанні сакратара ЦВК М. Лазавіка пра электроннае  галасаванне і добры водгук на ідэю  ўладаў Віцебска забяспечыць участкі празрыстымі скрынямі для галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма