Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Прэтэндэнт у кандыдаты па Горацкай выбарчай акрузе сыходзіць з перадвыбарчай гонкі

Андрэй Бажко, пэтэндэнт у кандыдаты па Горацкай выбарчай акрузе № 82, адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Чаму ён прыняў гэтае рашэнне і што паслужыла чыннікам для гэтага, Андрэй Бажко адмаўляецца каментаваць.

Ініцыятыўная група па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Андрэя Бажко была зарэгістраваная акруговай выбарчай камісіяй амаль тыдзень таму, 19 ліпеня. У склад групы ўваходзіла 15 чалавек і, як пацвярджаюць незалежныя назіральнікі, сябры ініцыятыўнай групы актыўна займаліся зборам подпісаў за свайго прэтэндэнта. Як кажа сам Андрэй Бажко, ініцыятыўная група назбірала ўжо больш за 500 подпісаў з неабходных 1000.

Андрэй Бажко  ўжо бліжэйшым часам пісьмова паведаміць у акруговую камісію Горацкай выбарчай акругі № 82 аб тым, што ён спыняе ўдзел у зборы подпісаў і больш не прэтэндуе на вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Зараз у Горацкай выбарчай акрузе № 82 засталося два прэтэндэнты ў кандыдаты, ініцыятыўныя групы якіх працягваюць збор подпісаў выбаршчыкаў за іх вылучэнне. Гэта дэкан агранамічнага факультэту БДСГА Міхаіл Волкаў і галоўны спецыяліст па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэй Юркоў.

Акруговая камісія Горацкай выбарчай акругі № 82 23 ліпеня не зарэгістравала ініцыятыўную групу яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты з Горак -- Юрыя Седнева. Юрый Седнеў падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы напрыканцы рабочага дня 19 ліпеня.  Чыннікам для адмовы ў рэгістрацыі паслужыла тое, што ў афармленні дакуметаў верагоднага пэтэндэнта ў кандыдаты члены камісіі выявілі шмат парушэнняў. Таксама двое з членаў ініцыятыўнай групы Юрыя Седнева напісалі пісьмовыя заявы аб тым, што яны былі ўключаны ў склад ініцыятыўнай групы без іх асабістай згоды.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма