Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Цэнтрвыбаркам не бачыць абсурднасці, а бачыць правільнасць і лагічнасць

У адказе з Цэнтральнай выбарчай камісіі, які атрымаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай паведамляецца, што кола суб’ектаў, якія могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, з’яўляецца правільным і лагічным, бо вызначана з улікам усіх выбарчых працэдур, якія адпавядаюць узроўню гэтых выбараў.

Нагадаем, што Барыс Бухель звяртаўся у Цэнтрвыбаркам з просьбай патлумачыць яму адсутнасць магчымасці ў Выбарчым кодэксе пункта аб тым, што прадстаўнікі мясцовых грамадскіх арганізацый, а таксама мясцовых структур палітычных партый не могуць вылучаць ад сваіх структур прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій.

У той самы час такая магчымасць ёсць падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў і выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Праваабаронца лічыць, што не ўключэнне такога пункта ў Выбарчы кодэкс было зроблена наўмысна, каб мінімізаваць магчымасці прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый ад сваіх структур вылучаць прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій.

У якасці параўнання ён прыводзіць сітуацыю з прэзідэнцкімі выбарамі. Паводле Выбарчага кодэкса, тэрытарыяльныя камісіі на прэзідэнцкіх выбарах у Магілёве размешчаны на тэрыторыі ў два-чатыры разы большай, чым акруговая камісія падчас парламенцкіх выбараў і маюць колькасць выбаршчыкаў таксама большую ў два-чатыры разы. У склад гэтых камісій ад мясцовых партыйных і арганізацыйных структур можна вылучаць сваіх прадстаўнікоў.

Таксама кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў сваім адказе адзначыла, што Цэнтральная камісія з’яўляецца правапрымяняльным органам і лічыць магчымым выказваць толькі сваю пазіцыю ў абгрунтаванасці і сістэмнасці прававога рэгулявання тых ці іншых адносінаў, якія ўзнікаюць падчас падрыхтоўкі да правядзення выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма