У Бялынічах пра выбары не інфармуюць
У гарадскім пасёлку Бялынічы па стану на раніцу 26 ліпеня адсутнічала хоць якая наглядная інфармацыя аб маючыхся адбыцца выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Няма ніякіх інфармацыйных банэраў і аб’яў пра тое, што 23 верасня ў краіне пройдуць выбары ў парламент, на гарадскіх інфармацыйных стэндах, дошках аб’яў на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый, у крамах і гандлёвых кропках. Не размешчаны інфармацыйны банэр аб тым, што ў Беларусі адбудуцца выбары нават у мясцовым аддзяленні сувязі і на тэлеграфе, хаця ў шмат якіх раёнах Магілёўшчыны гэтыя абвесткі ўжо даўно з’явіліся. Складваецца ўражанне, што прадстаўнікі мясцовай ідэалагічнай вертыкалі далучыліся да кампаніі па байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія праводзіць пэўная частка дэмакратычных сілаў.
Такое ігнараванне выбарчай кампаніі ў раённым цэнтры тым больш дзіўна, што ў некаторых гандлёвых кропках на тэрыторыі Бялыніцкага раёна інфармацыйныя плакаты аб выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянага Сходу ўжо з’явіліся. У прыватнасці, вывешаны такі плакат у краме райста ў аграгарадку Вялікая Машчаніца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма