ЦВК: даверанасць Міхалевіча пратэрмінаваная, подпіс Статкевіча пад сумневам
На прэс-канферэнцыі 26 ліпеня кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла аб незаконнасці вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты палітвязня Мікалая Статкевіча і палітуцекача Алеся Міхалевіча.
Па словах Ярмошынай, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча былі пададзены ў 56 акруговых выбарчых камісій, Міхалевіча - у 20.
"Мы атрымалі адказ з органаў унутраных спраў аб тым, што спадар Статкевіч ніякіх дакументаў праз адміністрацыю калоніі не перадаваў", - заявіла Ярмошына. Пры гэтым яна адзначыла, што ніякім іншым шляхам Статкевіч не мог перадаць заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп.
“Таму, кім падпісана дадзеная заява, яшчэ пытанне”, - адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Пры гэтым яна заявіла, што ЦВК не будзе займацца расследаваннем гэтай справы і перадаваць якія-небудзь дакументы. “Гэта справа саміх органаў унутраных спраў. Будзем лічыць, што заява сапраўды падавалася спадаром Статкевічам”, - сказала Ярмошына.
У той жа час яна адзначыла, што групе Статкевіча было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за яго знаходжання ў турме. Пра такія ж прычыны адмовы паведамляюць і доўгатэрміновыя назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якія працуюць пры акруговых выбаркамах.
“У адпаведнасці з канстытуцыяй, асобы, якія адбываюць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, не ўдзельнічаюць у выбарах. У іх адсутнічае і актыўнае, і пасіўнае выбарчае права. Гэта адназначна і не падлягае абмеркаванню”, - сказала Ярмошына.
Аднак некаторыя назіральнікі заяўляюць, што закон у выбаркамах трактуецца не зусім дакладна, а адсутнасць выбарчага права не з'яўляецца падставай для нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Гаворачы пра сітуацыю з Міхалевічам, Ярмошына падкрэсліла, што, «у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, кандыдатамі могуць стаць асобы не маладзей 21 года, грамадзяне Рэспублікі Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі». Міхалевіч, па яе словах, «з сакавіка мінулага года знаходзіцца ў міжнародным вышуку і не пражывае на тэрыторыі Беларусі», і таму не можа быць кандыдатам.
Акрамя таго, кіраўнік ЦВК адзначыла, што даверанасць Міхалевіча, прадстаўленая пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп, сапраўдная толькі да 12 студзеня 2012 года. Дадзеныя звесткі пацвярджаюць і назіральнікі.
«Гэтую даверанасць немагчыма прад'явіць ні ў адной краіне свету. Фактычна, Міхалевіча можна лічыць непадаўшым дакументы на рэгістрацыю», - заявіла Ярмошына.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма