Салігорск: Пра выбары альбо добра, альбо нічога
Салігорскія праваабаронцы прааналізавалі інфармацыйныя матэрыялы мясцовых СМІ за апошні месяц і прыйшлі да высновы, што колькасць і якасць матэрыялаў выбарчай тэматыкі прама прапарцыйна залежнасці гэтых СМІ ад уладаў. Так, папулярны прыватны сайт “Электронны Салігорск” ад пачатку выбарчай кампаніі не змясціў на сваіх старонках ніводнай зацемкі аб выбарах.
- Манетызацыя гэтага сайта адбываецца за кошт рэкламы мясцовых кампаніяў. Публікацыя нейкіх крытычных ці нават проста аб’ектыўных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару можа стаць прычынай санкцыяў з боку ўладаў. Напрыклад праз ціск на рэкламадаўцаў. Таму рэдакцыя сайта наўпрост ігнаруе тэмы кшталту парламенцкіх выбараў, - мяркуе праваабаронца Аляксей Валабуеў.
Аналагічнай тактыкі прытрымліваецца салігорская прыватная газета “Лідэр-Прэс”. Што да дзяржаўных медыяў Салігоршчыны, дык пасля з’яўлення на старонках незалежных інтэрнэт-рэсурсаў шэрагу артыкулаў аб зацяжным ігнараванні афіцыйнымі СМІ тэмы выбараў, яны такі выдалі на гара шэраг опусаў. Але гэта як раз той выпадак, калі лепш маўчаць, чым гаварыць.
Загадчыца грамадска-палітычнага аддзелу газеты “Шахцёр” Жана Гірэль, якая хаваецца пад псеўданімам Вікторыі Раманавай, артыкул пад назвай “Выбарчая кампанія набірае абароты” пачынае з трагедыі ў Крымску, пазыковага крызісу ў Еўрасаюзе, тэракту ў Балгарыі ды антыўрадавых акцыяў пратэсту ў Іспаніі. Галоўная ж палітычная падзея ў нашай краіне - гэта маючыя адбыцца ў верасні парламенцкія выбары. Выбарчая кампанія праходзіць спакойна згодна з каляндарным графікам, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй Беларусі па выбарах, падсумоўвае Жана Гірэль. Салігорскі тэлевізійны канал пазбягае ацэначных матэрыялаў і агучвае рэдкую інфармацыю пераважна даведкавага характару. Зрэшты, паглядзеўшы СТК глядач можа і не давадецца, што ў краіне ўвогуле ідзе выбарчая кампанія.
Найбольш актыўна хаду выбараў у рэгіёне асвятляе інтэрнэт-рэсурс САЛІГОРСК.org:
- Рэдакцыя лічыць выбары важнейшай падзеяй у жыцці грамадзян. І хоць папулярнасць матэрыялаў выбарчага характару далёка не самая высокая, аднак гэтай тэме на старонках сайта адведзена значная частка. Думаем, са стартам агітацыйнага перыяду цікавасць да артыкулаў выбарчай тэматыкі ўзрасце, - мяркуе адзін з заснавальнікаў сайта Іван Шыла.
Незалежная слуцка-салігорская газета “Інфа-Кур’ер” таксама не застаецца ў баку ад галоўнай палітычнай падзеі гэтага году. Аднак перавагу ў газеце збольшага маюць матэрыялы са Слуцкай выбарчай акругі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма