Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Бабруйску зборшчыцу подпісаў за незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты не пускаюць у інтэрнаты

  • Валянціна Глухава
    Валянціна Глухава

Валянціну Глухаву, сябра ініцыятыўнай групы Аксаны Самуйлавай, незалежнага прэтэндэнта па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79, не пусцілі збіраць подпісы ў інтэрнаты па вуліцы Ульянаўскай.

“Спачатку мяне не пусцілі ў інтэрнат  па вуліцы Ульянаўскай 106, які належыць заводу гумава-тэхнічных вырабаў, - распавядае Валянціна Глухава. – Сказалі, што ёсць загад не пускаць зборшчыкаў подпісаў. Маўляў, калі я хачу збіраць подпісы, то павінна сядзець у фае інтэрната і чакаць, пакуль  хто-небудзь з жыльцоў выйдзе. Загадчыца інтэрната Катаева Ніна Андрэеўна сказала, што такі загад быў дадзены супрацоўнікам выканкама Адзіночанкам Аляксандрам Сямёнавічам. Зразумела, што сядзець у фае і чакаць, пакуль хто-небудзь выйдзе, няма ніякага сэнсу, таму я рушыла далей. Аднак у наступным інтэрнаце, які належыць шыннаму камбінату, і які знаходзіцца па гэтай жа вуліцы, нумар дома 108, мяне таксама не ўпусцілі і спаслаліся на алагічны загад. Між тым учора і заўчора пры зборы подпісаў у інтэрнатах нам перашкодаў не чынілі. Так, адразу ўзнікалі нейкія пытанні з боку адміністрацый, аднак яны хутка вырашаліся пасля некалькіх тэлефанаванняў”.

Прэтэндэнт у кандыдаты Аксана Самуйлава вылучаецца пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”. Па словах Аксаны, яна не збіраецца пакідаць гэтыя факты без увагі:

“Я адразу ж буду скардзіцца ў акруговую камісію, - кажа Аксана Самуйлава. – Калі там не захочуць прымаць меры, буду тэлефанаваць у ЦВК. Чаму праўладным кандыдатам паўсюль адчыненыя дзверы, а зборшчыкам подпісаў за незалежнага прэтэндэнта пастаянна патрэбна пераадольваць перашкоды. Дзіўная нейкая ў нас роўнасць прэтэндэнтаў!”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма