Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рагачоў: міліцыя затрымала мінакоў, якія перашкаджалі пікетчыкам “Гавары праўду!”

У суботу ў Рагачове адбыўся першы пікет па збору подпісаў за прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду” Дзяніса Дашкевіча. Не абышлося і без эксцэсаў: міліцыя затрымала некалькіх мужчын, якія спрабавалі справакаваць сябраў ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата.

Крыху больш як за дзве гадзіны сябры ініцыятыўнай групы змаглі сабраць 22 подпісы. На пікет прыйшоў і сам патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Рагачоўскай акрузе Дзяніс Дашкевіч.

–Пікеты мы выкарыстоўваем як дадатковую магчымасць расказаць пра нашага кандыдата, – распавядае адзін з пікетчыкаў. – У асноўным, канешне, разлічваем на збор подпісаў па кватэрах. За гэты час мы ўжо змаглі сабраць больш за 400 подпісаў. Людзі актыўна падпісваюцца, таму што добра ведаюць Дашкевіча і яго каманду ў горадзе.

Нагадаем, гэтай вясной Дзяніс Дашкевіч разгарнуў у Рагачове кампанію па збору подпісаў за вяртанне “Дажынак”. Многія рагачоўцы актыўна падтрымалі Дашкевіча і падпісваліся пад ініцыятывай, якая была накіравана ў розныя інстанцыі.

Праз гадзіну да пікетчыкаў падыйшло некалькі мужчын, якія пачалі абражаць пікетчыкаў і асабіста Дашкевіча. Сябры ініцыятыўнай групы былі вымушаны вызваць праваахоўнікаў, якія і затрымалі хуліганаў.

–Дарэчы, мы запрашалі міліцыю на пікет, каб тыя глядзелі за грамадскім парадкам у раёне, дзе мы робім сёння пікет, але міліцыянты ветліва адмовіліся і прасілі тэлефанаваць, калі нешта здарыцца, – кажа Дзяніс Дашкевіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма