Смаргонцам да гэтага часу невядома, ці вылучаецца хто-небудзь па іх акрузе
Ці датычацца парламенцкія выбары жыхароў Смаргоні – дагэтуль незразумела, калі меркаваць па мясцовых СМІ. Афіцыйныя “Смаргонскае радыё” і газета “Светлы шлях”, адзінае мясцовае друкаванае выданне, –– займаюць пазіцыю “мая хата збоку”. Смаргонцам прапануецца толькі самы неабходны мінімум інфармацыі – пра ўтварэнне акругаў, месцах для пікетавання і выбарчых участках. Ды і тое звычайна размяшчаецца са спазненнем.
Такім чынам, проста няма адкуль даведацца, ці збіраецца наогул хтосьці балатавацца па Смаргонскай выбарчай акрузе. Нідзе ў дзяржаўных мясцовых СМІ не знайсці паведамленняў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, намерах кагосьці вылучацца, і тым больш – аб намерах і дзеяннях альтэрнатыўных палітычных суб’ектаў.
На афіцыйным сайце Смаргонскага райвыканкама толькі на мінулым тыдні з’явіўся незаўважны раздзел “Выбары”, адкуль можна даведацца пра расклад працы акруговай камісіі, месцах для пікетавання і выбарчых участках.
Затое любая ўзгадка пра выбары на старонках “Светлага шляху” нязменна сустракаецца толькі разам з артыкуламі пра паляпшэнне жыцця ў Беларусі. Напрыклад, у апошнім нумары газеты ў рубрыцы “Народ. Прэзідэнт. Урад” адным невялікім абзацам паведамлялася пра колькасць ініцыятыўных груп у Беларусі, а над ім, у той жа рубрыцы, у разоў восем большы матэрыял пра дасягненні ўладаў – імклівае павышэнне даходаў насельніцтва, запуск спадарожніка, поспехі ўборачнай кампаніі і г.д. І ні слова – пра тое, што і смаргонцам ужо праз два месяцы прыдзецца рабіць выбар прадстаўніка, ад якога таксама будзе залежыць паляпшэнне (ці пагаршэнне) жыцця ў Смаргоні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма