Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўскія фронтаўцы абралі дэлегатаў на з’езд па вылучэнні кандыдатаў

У Магілёве ў грамадскім цэнтры “Кола” 28 ліпеня адбыўся сход па вылучэнні дэлегатаў на перадвыбарчы з’езд Партыі БНФ, які адбудзецца 4 жніўня і вылучыць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Удзел у сходзе прынялі прадстаўнікі партыйных арганізацый з горада Магілёва, а таксама Бялыніцкага, Круглянскага, Шклоўскага, Горацкага, Чавускага і Быхаўскага раёнаў.

На сходзе абраны восем дэлегатаў чарговага з’езда Партыі БНФ. Шэсць з іх будуць прэтэндаваць на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ. У выпадку падтрымкі кандыдатур з’ездам партыі, кандыдаты ад партыі з’явяцца ў трох выбарчых акругах горада Магілёва, а таксама ў Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе № 88, Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 і Шклоўскай выбарчай акрузе № 90.

Неабходна адзначыць, што сходы па вылучэнні дэлегатаў на перадвыбарчы з’езд Партыі БНФ адбыліся і ў іншых рэгіёнах Магілёўскай вобласці: 26 ліпеня – у Бабруйску, з удзелам сяброў партыі з суседніх рэгіёнаў, 27 ліпеня – у Касцюковічах, дзе прысутнічалі прадстаўнікі партыйных арганізацый з Хоцімска, Краснаполля, Крычава, Клімавічаў, Чэрыкава, Слаўгарада і саміх Касцюковіч. На гэтых сходах таксама абраныя дэлегаты на з’езд Партыі БНФ. Па неафіцыйнай інфармацыі, двое з іх таксама будуць прэтэндаваць на вылучэнне іх кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў партыйным з’ездам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма