Збор подпісаў у рэгіёнах
Гарадок: Леанід Аўтухоў збіраў подпісы пад бел-чырвона-белым сцягам
Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ збіраецца балатавацца ў парламент па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе №21. Сюды уваходзіць і Гарадоцкі раён, і ўласна Гарадок, на цэнтральнай плошчы якога Леанід Аўтухоў паставіў намёт і ўзняў бел-чырвона-белы сцяг.
Актывіст падышоў да справы з выдумкай. "Крэатыўным было запрашэнне на пікет мясцовага музыкі, які наіграваў папулярныя мелодыі: ад "Вясёлых качанят" да “Развітання з Радзімай” Агінскага, а выбарцы ставілі подпісы за вылучэнне Лявона Аўтухова кандыдатам у дэпутаты", -- паведамляе мясцовы незалежны сайт haradok.info.
Увагу мінакоў прыцягвала і музыка, і вялікі плакат з перадвыбарчым лозунгам Леаніда Аўтухова "Беларусь – не карыта для чыноўнікаў. Беларусь – краіна для народа!"
А супрацоўнікі міліцыі найперш звярнулі ўвагу на бел-чырвона-белы сцяг, кажа спадар Аўтухоў:
"З'явіліся і міліцыянты, і супрацоўнікі ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму. Сказалі, каб прыбраў сцяг, прыгразілі адказнасцю за несанкцыянаванае пікетаванне. Але я сказаў, што дзейнічаю ў межах выбарчага заканадаўства, бо збіраю подпісы за сваё вылучэнне. Усе патрабаванні выканкаму я выканаў: не набліжаюся ні да адміністрацыйных будынкаў, ні да вайсковых могілак, дзе таксама пікетаваць забаронена. Так што пратакол на мяне няхай складае акруговая камісія, калі палічыць, што я вінаваты!"
Паводле актывіста, прэтэнзій да яго больш не прад'яўлялі, але сямёра міліцыянтаў і чыноўнікаў "вартавалі" пікет да самага сканчэння.
За пару гадзін Леанід Аўтухоў сабраў пад тры дзесяткі подпісаў. Але ён падкрэслівае, што збор подпісаў быў не адзінай мэтай: пікет пад бел-чырвона-белым сцягам быў зладжаны ў першую чаргу да ўгодкаў прыняцця Дэкларацыі аб нНезалежнасці Беларусі.
Слонім: Пікеты за праўладнага і альтэрнатыўнага прэтэндэнтаў -- побач
28 ліпеня ў Слоніме з самай раніцы каля ўваходу на цэнтральны гарадскі рынак былі наладжаны два пікеты. Адзін з іх, і ўжо не першы раз -- за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Івана Шэгі – лекара-траўматолага, кіраўніка слонімскай суполкі Партыі БНФ.
А побач упершыню з’явіўся і другі пікет па збору подпісаў за праўладнага кандыдата Алу Сопікаву — дырэктара СШ № 9 г. Слоніма.
Па словах Івана Шэгі, за яго кандыдатуру ўжо сабрана больш за 300 подпісаў. А вось колькі подпісаў сабрана за Алу Сопікаву — інфармацыю атрымаць не ўдалося.
На здымках: ідзе збор подпісаў за Івана Шэгу і Алу Сопікаву
Мазыр: За прэтэндэнта ад “Справядлівага свету” сабрана 40% подпісаў
Ініцыятыўная група Аляксандра Вешчава, прэтэндэнта ў дэпутаты ад партыі левых “Справядлівы свет” па Палесскай выбарчай акрузе №43 (у яе ўваходзіць частка горада Мазыра, Ельскі раён, а таксама часткі Лельчыцкага і Мазырскага раёнаў) ужо сабрала каля 40% подпісаў.
Аляксандр Вешчаў працуе наладчыкам на ўнітарным прадпрыемстве “Рэдакцыі радыёпраграмы “Нэллі-Інфо”. Ягоны канкурэнт, якога вылучылі лельчыцкія леснікі — Сяргей Канопліч, дзеючы дэпутат парламента, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма