Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: Працоўныя калектывы актывізавалі вылучэнне кандыдатаў

Баранавіцкія працоўныя калектывы працягваюць вылучаць праўладных кандыдатаў. Аб гэтым 28 ліпеня напісала афіцыйная газета Баранавіцкага гарвыканкама “Наш край” у артыкуле “Вылучэнне працягваецца”. Газета паведамляе, што працоўны калектыў Баранавіцкага камбіната харчовых прадуктаў 26 ліпеня вылучыў галоўнага ўрача гарадской паліклінікі № 1 Аляксандра Сцяцко кандыдатам у дэпутаты па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6. Раней ён быў вылучаны калектывам завода жалезабетонных канструкцый і баваўнянага аб’яднання.

Таксама газета “Наш край” паведамляе пра дзеючага дэпутата гарсавета Вольгу Палітыку, якая працуе на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе “Атлант” начальнікам аддзела працы, заработнай платы і арганізацыі ўдасканалення вытворчасці. Яе вылучылі кандыдатам у дэпутаты па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 працоўныя калектывы завода станкапрыладаў і аўтаагрыгатнага прадпрыемства.

Вольга Палітыка і Аляксандр Сцяцко сталі галоўнымі прэтэндэнтамі ад  дзяржаўных структур па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 і па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6 на гэтых парламенцкіх выбарах.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма