Баранавічы: тэлепраграмы пра сумленные і справядлівыя выбары не будзе
Ініцыятар калектыўнага звароту грамадзянаў Віктар Сырыца 29 ліпеня атрымаў адказ ад кіраўніцтва дзяржаўнай тэлекампаніі “Інтэкс” за подпісам дырэктара Анатоля Караля. У адказе паведамляецца, што тэлекампанія “Інтэкс” не бачыць неабходнасці стварэння спецыяльнага праекту “За сумленные і справядлівыя выбары”.
Кіраўніцтва тэлекампаніі сцвярджае, што ў Баранавічах выбарчы працэс будзе асвятляцца ў рэпартажах праграмы “Навіны”, а таксама, пры неабходнасці, у новай праграме “Госць студыі”, запланаванай на жнівень 2012 года.
– Яны кажуць, што пры неабходнасці са жніўня будзе новая праграма “Госць студыі”. Можна падумаць, што раней у студыю нікога не запрашалі, а вось цяпер, падчас парламенцкіх выбараў 2012 года, будзе шмат цікавых людзей, - каментуе адказ з тэлекампаніі Віктар Сырыца. - Відавочна, што нічога новага і цікавага тут няма. Зразумела, што ў студыю прыйдзе які-небудзь праўладны кандыдат і будзем мы слухаць нудныя маналогі пра тое, як улада клапоціцца пра народ.
Грамадзяне ў сваім калектыўным звароце прасілі кіраўніцтва гарадскога тэлеканала арганізаваць прынцыпова новае: дыскусію з удзелам палітыкаў і грамадскасці ў тэматычнай праграме “За сумленныя і справядлівыя выбары”. Праблемаў тут – непачаты край, лічыць Віктар Сырыца. Але, па яго словах, дзяржаўная тэлекампанія “Інтэкс” нічога мяняць не хоча - ізноў жыхароў Баранавічаў будуць “карміць” прымітыўнымі “Примите поздравление”, “Кыргызстан в лицах” і правіламі жыцця.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма