Ярмошына: “Ажыццяўляюцца спробы поўнамаштабнага байкоту”
Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах Лідзія Ярмошына скардзіцца, што выбаршчыкам раскідваюць улёткі з залікам да байкоту парламенцкіх выбараў.
“Ажыццяўляюцца спробы поўнамаштабнага байкоту. Ужо з’явіліся першыя ластаўкі – незаконныя друкаваныя выданні, якія ў негатыўным ключы прэзентуюць улады і выбары. Гэтыя ўлёткі бясплатна ўкідваюць у скрыні выбаршчыкаў. Усё гэта спробы арганізаваць палітычныя правакацыі, накіраваныя супраць выбараў, якія праходзяць у нашай краіне”, - лічыць яна.
Ва ўнісон Ярмошынай насцярогу выказвае і Лукашэнка: “Восенню нам трэба правесці чарговыя парламенцкія выбары. Гэта акурат той момант, калі адбываецца актывацыя як за межамі краіны, так і ўнутры тых, хто страшэнна ненавідзіць нашу Беларусь і каму не падабаецца існуюючая сітуацыя”.
Старшыня ЦВК таксама папулярызуе дзейсных дэпутатаў: “Гэта вельмі прыстойныя людзі. Практычна ўсе яны высокія спецыялісты з выдатнай кар’ерай. Ужо само па сабе гэта з’яўляецца аб’ектыўным пацверджаннем іх высокіх якасцяў як прафесіяналаў у гэтай вобласці”.
Дакладнай інфармацыі, колькі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзейснага склікання будзе балатавацца паўторна, пакуль няма. З 330 асобаў,чые ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя, дэпутатамі з’яўляюцца 19 чалавек. Гэта прыкладна 5% ад агульнай колькасці патэнцыйных кандыдатаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы. Сярод іх – старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і яго намеснік Віктар Гумінскі. Аднак гэта лічба яшчэ будзе змяняцца, бо дэпутаты могуць абраць іншы спосаб вылучэння – напрыклад, ад працоўнага калектыва.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма