У Светлагорску подпісы збіраюць на футболе і ў аддзелах кадраў
Ініцыятыўныя групы вядуць збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адны збіраюць подпісы на вуліцах і па кватэрах, іншыя – праз аддзелы кадраў. Пацвердзілася “жаночая разнарадка” для ўладнага прэтэндэнта.
Пляцоўка каля магазіна “Гандлёвы цэнтр” – самае люднае месца ў мікрараёне Маладзёжны. Насупраць крамы за столікам сядзіць сам прэтэндэнт у кандыдаты – Сяргей Дайнека (на здымку). Побач і група маральнай падтрымкі: жонка і маленькая дачка.
– Сёння чацвёрты раз праводзім збор подпісаў на вуліцы, – кажа Сяргей. – Збіралі ў розных месцах: і на рынку, і на стадыёне перад футбольным матчам. Любы чалавек можа падыйсці і асабіста пагаварыць са мной. Робім і пакватэрны абыход.
Сяргей Дайнека – кіраўнік раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”, у Палату прадстаўнікоў вылучаецца другі раз. На стэндзе вывешаны кароткія звесткі пра яго, але толькі на рускай мове.
– На беларускай не выдавалі, – тлумачыць прэтэндэнт, маючы на ўвазе кіраўніцтва сваёй партыі.
Такім самым чынам праводзіць збор подпісаў і ініцыятыўная група Ігара Песікава – беспартыйнага прэтэндэнта, які ўваходзіць у грамадскую кампанію “Гавары праўду”.
А пад нумарам першым акруговая выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні прэтэндэнта ад улады. Як і меркавалі зараней незалежныя назіральнікі, ім стала старшыня райсавета Галіна Філіповіч. Па “жаночай разнарадцы” яна змяніла Валянціну Кавалёву, якая адбыла два дэпутацкія тэрміны. Мясцовыя людзі кажуць, што подпісы за Г. Філіповіч збіраюць старым наменклатурным спосабам: звесткі аб выбаршчыках перапісваюць з дакументаў у аддзелах кадраў арганізацый, затым выклікаюць работнікаў і паказваюць, дзе падпісацца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма