Магілёў: назіральніца абскарджвае нядопуск на першае паседжэнне акруговай камісіі
Магілёўская назіральніца Наталля Самахвалава, сябра “Беларускага Хельсінкскага камітэта”, абскарджвае ў Цэнтрвыбаркам свой нядопуск на першае паседжэнне акруговай камісіі.
У скарзе жанчына просіць прыцягнуць да адказнасці старшыню акруговай выбарчай камісіі №86 спн. Снытко за парушэнне выбарчага заканадаўства і абавязаць яе прадастаўляць для азнаямлення ўсе дакументы і пратаколы паседжанняў камісій.
Наталля Самахвалава адзначае, што падчас першага паседжэння акруговай выбарчай камісіі №86 спн. Снытко забараніла ёй прысутнічаць на паседжанні, паведаміўшы, што назіраць за працай камісіі можна толькі з наступнага паседжання.
Самахвалава кажа, што перад першым пасяджэннем камісіі яна паспела зарэгістравацца ў якасці назіральніцы.
“На наступны дзень я прыйшла ў камісію і папрасіла азнаёміцца з пратаколам першага паседжання, аднак абраная ўжо старшыня камісіі адмовілася мне яго прадаставіць. Сказала, што я на гэтым паседжэнні не прысутнічала, таму азнаёміцца не дасць”, - распавядае назіральніца.
Назіральніца ўказвае ў скарзе, што тым самым спн. Снытко парушыла ч.1 і ч.2 арт.13 Выбарчага Кодэкса, якой, у прыватнасці, устаноўлена, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма