Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Міхаіла Пашкевіча спрабавалі абвінаваціць у датэрміновай агітацыі

  • Міхаіл Пашкевіч
    Міхаіл Пашкевіч

Прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі падставай для складання акту аб парушэнні выбарчага заканадаўства палічылі інфармацыю з біяграфіяй актывіста на пікетах, а таксама расцягнуты сцяг грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”

Міхаіл Пашкевіч збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе №95 у Мінску. Тысячу подпісаў, якая патрэбная для ягонага вылучэння, ініцыятыўная група сабрала на мінулым тыдні, але нягледзячы на гэта, ініцыятыўная група разгарнула пікет. 30 ліпеня акруговая выбарчая камісія з’явілася на пікеце, дзе быў складзены акт аб датэрміновай агітацыі. Нагода – нестандартна складзеная біяграфія Пашкевіча і тое, што на пікеце вісеў сцяг кампаніі «Гавары праўду!».

Камісія не адразу змагла патлумачыць, якое менавіта палажэнне Выбарчага кодэксу парушыў актывіст. “Камісія доўга шукала і ў Выбарчым кодэксе, і ў метадычных матэрыялах ЦВК норму, паводле якой выкарыстанне сімволікі — парушэнне закону. Пасля яны выклікалі юрыста, але ўсё адно нічога не знайшлі. У ЦВК, куды таксама звярнуліся сябры Купалаўскай акругі, параілі звярнуцца да Мінюста за тлумачэннем, ці з’яўляецца сцяг кампаніі “Гавары праўду!” зарэгістраванай сімволікай”, — сказаў Пашкевіч.

Такім чынам, акруговая камісія склала акт, але афіцыйнага папярэджання не вынесла.

“Сёння патэлефанавалі з акруговай камісіі і пагадзіліся, што ўсё ў мяне з выбарчым кодэксам добра, можна працаваць далей, парушэнняў не выяўлена”, - паведаміў актывіст.

Ён таксама адзначыў, што гэта сітуацыя паказвае агульны ўзровень адукаванасці і дасведчанасці акруговых выбарчых камісій: “Спачатку складаюць акт аб парушэнні, а потым пачынаюць шукаць артыкул пад гэты акт”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма