Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рэчыца: подпісы за кандыдата ад улады збіраюць, але дзе – невядома

  • Адам Вашкоў, дырэктар Рэчыцкага метызнага завода
    Адам Вашкоў, дырэктар Рэчыцкага метызнага завода

Па Рэчыцкай выбарчай акрузе зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адна з іх збірае подпісы за вылучэнне Адама Вашкова, дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Рэчыцкі метызны завод”. Другая – за Антона Няфёдава, намесніка дырэктара прыватнага гандлёва-вытворчага прадпрыемства “Аліда і К”.

Антон Няфёдаў – прадстаўнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”.

– Наша ініцыятыўная група дзейнічае ў асноўным метадам“ад дзвярэй да дзвярэй”, – паведаміў ён. – Гэта значыць, вядзем збор подпісаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў. Плануюцца і пікеты па зборы подпісаў на вуліцах.

А як збірае подпісы кандыдат ад улады Адам Вашкоў? Назіральнік у акруговай выбарчай камісіі Валерый Пуціцкі кажа, што нічога не ведае пра гэта:

– Як збіраюць подпісы за Адама Вашкова, мне нічога невядома. Ні пра пікеты, ні пра пакватэрны абыход.

У рэчыцкай акрузе спрабавала зарэгістравацца і ініцыятыўная група вядомага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Але акруговая выбарчая камісія ёй адмовіла, як і ў іншых рэгіёнах краіны. Прычына – Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў зняволенні (нагадаем, што ён асуджаны пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты).

А старшыня рэчыцкага райвыканкама Пётр Шостак вылучаецца не ў сваім раёне, а ў Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе – гэта Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі і частка Жлобінскага раёна. У гэтых раёнах П. Шостак ніколі не жыў і не працаваў. Аднак, калі верыць мясцовым дзяржаўным газетам, карыстаецца вялікай папулярнасцю: менавіта яго вылучылі ў кандыдаты адразу два працоўныя калектывы – камунальнага жыллёвага ўнітарнага прадпрыемства “Чачэрскае” і Веткаўскай раённай бальніцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма