Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: Cельская выбарчая камісія не ведае межаў сваёй акругі

Назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Васіль Ліпскі кажа, што старшыня Сельскай акруговай выбарчай камісіі №88 сп. Яленскі і сакратар камісіі спн. Валянцюк не здолелі на мапе паказаць межы сваёй выбарчай акругі, спаслаўшыся на тое, што самі дакладна не ведаюць і яшчэ не да канца разабраліся.

Акрамя таго, яны адмовіліся прадаставіць назіральніку рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва аб утварэнні выбарчых участкаў для галасавання - сказалі, што ўсю патрэбную інфармацыю назіральнік можа атрымаць у самой адміністрацыі альбо ў СМІ. Не прадставілі назіральніку і звестак пра месцы працы і пасады сябраў акруговай выбарчай камісіі №88

У адказ на гэтыя адмовы Васіль Ліпскі накіраваў скаргу ў Цэнтральную камісію. Назіральнік просіць прыцягнуць старшыню камісіі сп. Яленскага і сакратара камісіі спн. Валянцюк да адказнасці, а таксама абавязаць Сельскую акруговую камісію №88 прадастаўляць усю інфармацыю пра сваю дзейнасць, у тым ліку пра месцы працы і пасады яе сябраў, пратаколы пасяджэнняў і нарматыўныя дакументы дзяржаўных органаў, узгодненыя камісіяй.

Васіль Ліпскі указвае, што непрадастаўленне інфармацыі яму як назіральніку з’яўляецца парушэннем ч.1 і ч.2 арт.13 Выбарчага Кодэкса, які дэкларуе галоснасць і адкрытасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”   

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма