Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Раённая вертыкаль не вельмі жадае інфармаваць пра выбары

На сайце Слонімскага райвыканкама з’явілася інфармацыя пра пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі па Слонімскай выбарчай акрузе № 58, якое адбылося 20 ліпеня, і на якім былі зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — Сопікавай А.М. і Шэга І.І. Дзіўна, бо згадвання прозвішча кіраўніка мясцовай суполкі Партыі БНФ Івана Шэгі на мінулых выбарах вертыкальны сайт сабе не дазваляў.

Акрамя гэтай інфармацыі на сайце Слонімскага райвыканкама мясцовых матэрыялаў, звязаных з выбарамі, няма. Публікуюцца толькі агульныя звесткі пра выбары — рашэнне аб вызначэнні месц для забароны пікітавання, рашэнне аб стварэнні ўчасткаў для правядзення выбараў, аб першым пасяджэнні акруговай камісіі, аб старшыні камісіі, намесніку і сакратары.

На сайце Дзятлаўскага райвыканкама наогул мясцовая інфармацыя пра Дзятлаўскую выбарчую акругу № 55 адсутнічае, толькі агульнавядомая: рашэнне аб вызначэнні месц для забароны пікітавання, рашэнне аб стварэнні ўчасткаў для правядзення галасавання, аб першым пасяджэнні акруговай камісіі, аб старшыні камісіі, намесніку і сакратары.

Сайт Зэльвескага райвыканкама — самы бедны на інфармацыю пра выбары. Там толькі змешчаны тры інфармацыі: рашэнні аб стварэнні ўчасткаў і камісій і рашэнне райвыканкама аб месцах, забароненых для пікіетавання. І ўсё.

З гэтага ўсяго вынікае, што мясцовая вертыкаль людзям не дужа актыўна жадае распавядаць пра выбары.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма