Баранавічы: Назіральніка абвінавачваюць у дробным хуліганстве
2 жніўня ўчастковы інспектар, капітан міліцыі Мікалай Кудраўцаў выклікаў праваабаронцу Сяргея Гоўшу ў Баранавіцкі ГАУС. На падставе пісьмовай заявы ў міліцыю старшыні акруговай выбарчай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Таццяны Латышавай капітан пачаў складваць на назіральніка пратакол апытання. У ім паведамлялася, што 23 ліпеня Сяргей Гоўша ў грубай форме абразіў брыдкаслоўем Таццяну Латышаву і сяброў камісіі. У гэтай сітуацыі Сяргей Гоўша прадставіў міліцыянеру дыктафонны запіс пасяджэння АВК 23 ліпеня. Двойчы праслухаўшы запіс, капітаны міліцыі Мікалай Кудраўцаў і Віталь Рачкоўскі ніякага брыдкаслоўя не пачулі. Аднак замест таго, каб аб’ектыўна і справядліва разабрацца ў гэтай справе, яны прапанавалі Сяргею Гоўшу падпісаць не толькі пратакол апытання, але і адміністрацыйны пратакол аб парушэнні арт.17/1 (дробнае хуліганства) КаАП. Праваабаронца адмовіўся падпісаць гэтыя пратаколы і зрабіў адпаведны запіс у кнізе скаргаў ГАУС аб тым, што супрацоўнікі міліцыі не хочуць разбірацца ў ягонай справе, а выконваюць нечы загад.
– Мне не далі копіі пратаколаў. Гэта звязана з удзелам у незалежным назіранні, – паведаміў праваабаронца. -- Мяне вельмі здзіўляе, што супрацоўнікі міліцыі не хочуць нават разабрацца ў гэтай справе, а адразу вінавацяць мяне, што я абразіў Таццяну Латышаву і сяброў АВК. Я вусна і пісьмова прасіў яе паказаць мне пратакол № 1 пасяджэння АВК. Замест гэтага яна робіць паклёп на мяне і такім чынам хоча адхіліць мяне ад назірання за дзейнасцю АВК, – падсумаваў Сяргей Гоўша.
Праваабаронца паведаміў таксама, што будзе звяртацца ў пракуратуру са скаргай на нежаданне супрацоўнікаў міліцыі правесці аб’ектыўнае разбірацельства гэтай справы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма