Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Драгічын: Факту парушэння камісія не прызнала, але папярэджане вынесла

У акруговай выбарчай камісіі Днепрабугскай выбарчай акругі № 10 разгледжана скарга назіральніка Валянціна Лазарэнкава, у якой ён прасіў разабрацца з фактам датэрміновай агітацыі за магчымага кандыдата -- начальніка Іванаўскай ЖКГ Юрыя Дарагакупца падчас святкавання дня горада ў Драгічыне 15 ліпеня. Яго калега з Драгічына Аляксандр Макуха распавёў са сцэны, што Дарагакупец -- цудоўны чалавек, за якога варта прагаласаваць падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, ён будзе добрым дэпутатам.

Цікава, што на паседжанне камісіі Ю.Дарагакупец не быў запрошаны, а таксама не быў папярэдне апытаны старшынёй камісіі ці яе намеснікам. Тым не менш, старшыня камісіі  Надзея Камарова, сябры камісіі Наталля Лакуц і Святлана Барташ заявілі, што факт, указаны ў заяве, месца не меў, бо яны самі прысутнічалі на свяце і могуць гэта пацвердзіць. Па іх словах, Дарагакупец сапраўды падымаўся на сцэну, яму ўручалі дыплом па спартыўных спаборніцтвах, але ён толькі заклікаў людзей прыйсці на выбары 23 –га верасня. 

Тым не менш, было вынесена рашэнне: папярэдзіць Аляксандра Макуху пра недапушчальнасць падобных дзеянняў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма