Спісы ініцыятыўных груп – інфармацыя "не для ўсіх"
Старшыня Гарадоцкай раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў адказ з ЦВК, чаму акруговая камісія не дае яму магчымасці пазнаёміцца са спісам ініцыятыўнай групы дырэктара Лужаснянскай кадэцкай вучэльні Уладзіміра Шыцько, з якім удвух яны збіраюцца вылучыцца па Віцебскай-Сельскай акрузе № 21. З ліста за подпісам Л. Ярмошынай вынікае, што пералік сяброў ініцыятыўнай групы не з'яўляецца інфармацыяй для агульнага карыстання, кажа актывіст.
Спадар Аўтухоў хацеў даведацца пра членаў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Шыцько, бо яму сталі вядомыя факты, калі подпісы за яго вылучэнне збіралі пабочныя асобы.
"Паводле адказу з ЦВК, толькі самі выбаршчыкі могуць пракантраляваць, хто да іх прыйшоў па подпіс: папрасіць паказаць пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы. І паскардзіцца, калі яго няма. Аднак калі выкарыстоўваецца адмінісрацыйны рэсурс – калі ў людзей збіраюць подпісы кіраўнікі прадпрыемстваў ці старасты вёскі – мала хто наважыцца на выкрывальніцкія захады супраць людзей, ад якіх залежыць. Таму я хацеў ім дапамагчы", -- гаворыць Леанід Аўтухоў.
3 ліпеня ён атрымаў адказ і з акруговай камісіі, куды звяртаўся з просьбай паказаць яму пратаколы пасяджэнняў. Леаніда Аўтухова цікавіла, як на пасяджэннях праходзіла абмеркаванне ягоных скаргаў, пададзеных у камісію. Але пратаколаў, паводле спадара Аўтухова, яму не паказалі:
"Сказалі, што яны вісяць на дошцы аб'яваў у райвыканкаме Віцебскага раёну і на сайце выканкаму. Але там – не пратаколы, а рашэнні– пра размеркаванне абавязкаў у камісіі і пра тое, што зарэгістраваны 2 ініцыятаўныя групы, мая і спадара Шыцько. А пра тое, ці абмяркоўвалі мае скаргі, ці іх проста кінулі ў сметніцу, я так і не ведаю".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма