У Магілёўскай вобласці – 8 кандыдатаў ад Партыі БНФ
На з’ездзе партыі БНФ, які адбыўся 4 жніўня ў Мінску, у шэрагу іншых было вылучана 8 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па выбарчых акругах Магілёўскай вобласці.
У прыватнасці, кандыдатам у дэпутаты па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 вылучаны Сяргей Антонаў, па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 – Валерый Каранкевіч, які раней зарэгістраваў у гэтай жа акруге ініцыятыўную групу па збору подпісаў у падтрымку свайго вылучэння. Спадар Каранкевіч таксама актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці кампаніі “Гавары праўду” і карыстаецца яе падтрымкай.
Сябры партыі БНФ вылучаны кандыдатамі і па трох акругах горада Магілёва: па Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84 плануе балатавацца старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Сяргей Брыцікаў, у Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 вылучаецца сябар Сойму партыі Віталь Макаранка, у Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 87 плануе быць кандыдатам сябар партыі БНФ Аляксандр Страх.
Таксама кандыдаты ад партыі БНФ будуць: у Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе № 88 – Тамара Маскалёва, у Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 – Альберт Яўменаў, у Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 – намеснік старшыні партыі БНФ, былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Рыгор Кастусёў.
Усе магілёўскія вылучэнцы пагадзіліся выканаць партыйнае рашэнне аб адначасовым зняцці кандыдатаў ад партыі БНФ, калі яно будзе прынятае на другой частцы з’езда, якая пройдзе 15 верасня. Падставай для такога рашэння можа паслужыць не вызваленне беларускіх палітвязняў і неўключэнне прадстаўнікоў БНФ у склад участковых выбарчых камісій і нестварэнне спрыяльных умоў для сапраўды дэмакратычных і свабодных выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Усяго на з’ездзе партыі БНФ вылучана 38 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выббары”
Каментароў пакуль няма