Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Барысаў: суд над Марголіным і Васільевым перанесены (дадалося відэа)

Сёння адбылося паседжанне суду над прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты ПП НС пятага склікання па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе № 62 Львом Марголіным і сябрам яго ініцыятыўнай групы Міхаілам Васільевым.

Марголіну і Васільеву, затрыманым у мінулую суботу падчас правядзення пікету па зборы подпісаў, было сказана, што ў панядзелак у 9.30 ім ператэлефануюць, каб удакладніць час судовага паседжання. Ніхто не патэлефанаваў, і яны адправіліся ў Барысаўскі раённы суд высвятляць, ці будуць іх судзіць і хто. У судзе на інфармацыйнай дошцы аб'явы пра паседжанне не было. Прыйшлося звяртацца ў канцылярыю, дзе ўсё ж высветлілася, што судзіць дэмактывістаў будзе суддзя Ірына Пасюк.

Каля гадзіны Марголін, Васільеў, а таксама журналісты і праваабаронцы Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч чакалі ў калідоры выкліку суддзі. Спачатку на паседжанне журналістаў і праваабаронцаў не пускалі, але пасля пярэчанняў ўсё ж пагадзіліся, каб яны прысутнічалі.

Леў Марголін і Міхаіл Васільеў заявілі хадайніцтва аб чаканні адказу на скаргі, пададзеныя ў акруговую выбарчую камісію Барысаўскай гарадскога выбарчай акругі № 62 і ў Цэнтральную выбарчую камісію.

У выніку, суддзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк прыняла рашэнне аб пераносе судовага паседжання на 10 жніўня. У сваю чаргу, Марголін і Васільеў папрасілі прысутнасці на судзе начальніка міліцыі грамадскага парадку Барысаўскага РУУС Волкава, які іх затрымліваў і складаў на іх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама прадстаўніка акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма