З трох ініцыятыўных груп подпісы збірае толькі адна
У Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе № 88 зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты прадстаўнікоў. Фактычна ж збіраюць подпісы ў падтрымку толькі аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты – намесніка старшыні камісіі па аграрных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Разганава.
Сам Аляксандр Разгана, які раней працаваў старшынёй Магілёўскага райвыканкама, зараз пражывае ў Мінску. У лютым наступнага года праўладнаму кандыдату спаўняецца шэсцьдзесят гадоў, але адпачываць на пенсіі Аляксандр Разганаў не збіраецца. У склад яго ініцыятыўнай групы ўвайшло 128 чалавек, у пераважнай большасці жанчын, якія працуюць у бюджэтных арганізацыях. Па неафіцыйнай інфармацыі, члены ініцыятыўнай групы Аляксандра Разганава ўжо сабралі неабходную колькасць подпісаў у падтрымку яго вылучэння з вялікім запасам, у гэтым ім быў дадзены рэжым максімальнага спрыяння з боку мясцовых райвыканкамаў.
Акрамя дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, у Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку вылучэння сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандра Ірхо і пенсіянеркі Тамары Маскалёвай, аднак актыўным зборам подпісаў сябры гэтых груп не займаюцца. Ініцыятыўныя групы ў падтрымку Аляксандра Ірхо зарэгістраваны яшчэ ў цэлым шэрагу акруг Магілёўшчыны, фактычна ж спадар Ірхо будзе балатавацца ў Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84.
Тамара Маскалёва вылучана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе № 88 на з’ездзе Партыі БНФ 4 жніўня, сябрам гэтай арганізацыі яна з’яўляецца ўжо шмат гадоў. Па словах самой Тамары Міхайлаўны, збор подпісаў у падтрымку яе вылучэння сябры ініцыятыўнай групы не праводзілі, бо не бачылі ў гэтым ніякага сэнсу, больш пра сябе выбаршчыкам яна зможа расказаць і падчас агітацыйнай кампаніі.
У склад Магілёўскай сельскай выбарчай акругі № 88 уваходзяць Чавускі, Чэрыкаўскі раёны, а таксама Магілёўскі раён за выключэннем Пашкаўскага сельсавета і частка Ленінскага раёна горада Магілёва.
“Праваабаронцы за свабодыя выбары”
Каментароў пакуль няма