Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Cправаздача па выніках назірання: 30 ліпеня – 5 жніўня

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

Cправаздача па выніках назірання № 5

30 ліпеня – 5 жніўня

Агульныя высновы 

- З 15 ліпеня па 13 жніўня доўжыцца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы шляхам абыходу кватэр і на вулічных пікетах.  

- З боку ўладаў на асобных кандыдатаў у дэпутаты, сябраў ініцыятыўных груп і назіральнікаў аказваецца ціск. Зафіксаваны перашкоды ініцыятыўным групам дэмакратычных кандыдатаў з боку афіцыйных асоб, а таксама выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў падтрымку праўладных кандыдатаў.

- Адбыліся пікеты актывістаў БХД за байкот выбараў. Згодна дзеючага ВК падобныя мерапрыемствы можна трактаваць як праяву датэрміновай агітацыі.

- Працягваецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый на пазачарговых “выбарчых” з’ездах. Дзяржаўныя СМІ не паведамляюць пра вылучаных кандыдатаў ад апазыцыі, пры гэтым з’езды праўладных партый асвятляюцца дзяржаўнымі тэлеканаламі.

- Да 5 жніўня ішло вылучэнне прадстаўнікоў у склад 6349 УВК, якія будуць сфарміраваны да 8 жніўня. Актыўнасць апазіцыйных партый засталася прыкладна на тым жа ўзроўні, што і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

- Пастанова ЦВК № 42 пра вызначэнне дакументаў, на падcтаве якіх будуць выдавацца выбаршчыкам бюлетэні для галасавання, можа стварыць магчымасці для незаконных маніпуляцый з бюлетэнямі.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

Працягваецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. На некаторых з іх аказваецца ціск з боку ўладаў. У шэрагу населеных пунктаў зборшчыкаў подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў не пускаюць у інтэрнаты.  Кіраўніцтва інтэрнатаў магілёўскага завода “Зеніт” матывуе гэта адпаведным распараджэннем намесніка дырэктара па ідэалогіі Мікалая Міхалені. 31 ліпеня падчас збору подпісаў у падтрымку Леаніда Падбярэцкага сябра яго ініцыятыўнай групы Аляксей Паўлоўскі быў затрыманы і дастаўлены ў апорны пункт міліцыі для высвятлення абставін. Пры гэтым камендант інтэрната завода “Зеніт” па вул. Кедравай, д. 11 збірае подпісы за праўладнага прэтэндэнта – дзеючага дэпутата Уладзіміра Васіленку. 

30 ліпеня на патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ад Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 г. Мінска актывіста кампаніі “Гавары праўду” Міхаіла Пашкевіча быў складзены акт за парушэнне ВК. Міхаіл Пашкевіч абвінавачаны ў датэрміновай агітацыі, якую знайшлі ў тэксце біяграфіі кандыдата і ў выкарыстанні ім сімволікі кампаніі “Гавары праўду”. Пазней АВК паведаміла Міхаілу Пашкевічу, што парушэнняў нормаў ВК у дзеяннях яго ініцыятыўнай групы не выяўлена.

Назіральнікі паведамляюць шматлікія факты выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу пры вылучэнні кандыдатаў. Калектыў Баранавіцкага станкабудаўнічага завода вылучыў кандыдатам па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 дэпутата гарсавета Вольгу Палітыка. Праз некалькі дзён яна была вылучана яшчэ і калектывам Баранавіцкага аўтаагрэгатнага завода. Ідэолагі згаданых прадпрыемстваў арганізуюць збор подпісаў за Вольгу Палітыка ў працоўны час.

У вайсковых частках г. Брэста кантрактнікаў прымушалі падпісвацца за вылучэнне Ваеннага камісара Брэсцкага абласнога ваеннага камісарыяту Уладзіміра Базанава.

Кіраўніцтвам прадпрыемства “Слуцкмежрайгаз” было арганізавана вылучэнне дзеючага дэпутата ППНС Інэсы Кляшчук. Супрацоўнікі ставілі свае подпісы пад кантролем адміністрацыі ў аддзеле кадраў у загадзя падрыхтаваных падпісных аркушах з запоўненымі пашпартнымі дадзенымі.

 

Ціск на назіральнікаў

У г. Баранавічы супраць праваабаронцы і назіральніка Сяргея Гоўшы сфабрыкавана адміністрацыйная справа па арт. 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства). На падставе заявы старшыні АВК Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 Таццяны Латышавай Сяргей Гоўша абвінавачваецца ў грубай абразе старшыні і сябраў камісіі. Доказы невінаватасці назіральніка, прадстаўленыя ім на дыктафонным запісе пасяджэння АВК, не былі ўзяты пад увагу работнікамі міліцыі. Праваабаронца лічыць, што ціск на яго звязаны з удзелам у незалежным назіранні.

2 жніўня ў г. Расоны Віцебскай вобласці канфіскавана рэкламная прадукцыя (канцэлярскія вырабы, сумкі, майкі з фірмовай сімволікай) кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, падрыхтаваная для доўгатэрміновых назіральнікаў, журналістаў і юрыстаў кампаніі.


Пікеты за байкот выбараў

У Мінску прайшлі пікеты  актывістаў БХД за байкот выбараў. 31 ліпеня Марына Хоміч, актывістка аргкамітэта па стварэнні БХД, якая зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу па вылучэнні ў дэпутаты, ладзіла пікет у цэнтры сталіцы. На інфармацыйных стэндах была змешчана інфармацыя пра палітвязняў і лозунгі “Выбараў няма!”, “Не хадзіце на выбары – вас падмануць!” Як паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, на пікеце подпісы ў падтрымку Марыны Хоміч не збіраліся, замест гэтага збіраліся подпісы за вызваленне палітвязняў, грамадзян пераконвалі ў неабходнасці байкоту выбараў. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі Марыну Хоміч, што яе лозунгі не з’яўляюцца перадвыбарчымі, а пікет падпадае пад дзеянне Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.

Сапраўды, згодна з дзеючым заканадаўствам, пікеты ў падтрымку байкота выбараў можна трактаваць як датэрміновую агітацыю. Ініцыятыўныя групы маюць права праводзіць пікеты для збору подпісаў выключна за вылучэнне свайго прэтэндэнта і для інфармавання аб ім выбарцаў. Для правядзення пікетаў з іншымі мэтамі неабходна атрымаць дазвол Мінгарвыканкама ў адпаведнасці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах”[1]. Варта адзначыць, што ўлады пакуль талерантна ставяцца да падобных парушэнняў. Яны відавочна зацікаўленыя ў наяўнасці кандыдатаў у дэпутаты, нават калі ініцыятыўныя групы агітуюць за байкот выбараў.


Вылучэнне кандыдатаў ад палітычных партый

Працягваецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый. Дзяржаўныя СМІ не паведамляюць пра вылучэнне кандыдатаў ад апазыцыйных партый, у той час як з’езды праўладных партый асвятляюцца дзяржаўнымі тэлеканаламі.

28 ліпеня АГП на пазачарговым з’ездзе вылучыла 57 кандыдатаў у дэпутаты. Спіс узначальваюць лідэр партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні АГП Леў Марголін, былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі, былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. 4 жніўня Партыя БНФ на пазачарговым з’ездзе вылучыла 38 кандыдатаў, уключна з лідэрам партыі Аляксеем Янукевічам і экс-кандыдатам у Прэзідэнты Рыгорам Кастусёвым. 5 жніўня Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла 36 кандыдатаў. З’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) плануецца на 12 жніўня.

7 ліпеня з’езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі вылучыў 110 кандыдатаў ў дэпутаты. 1 жніўня праўладная Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 30 чалавек, якія будуць удзельнічаць у выбарах у ППНС. 4 жніўня Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці заявіла пра вылучэнне 20 кандыдатаў. Таксама 4 жніўня Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці вылучыла 19 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Паводле слоў старшыні Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі Уладзіміра Александровіча, плануецца вылучыць 3 кандыдаты.


Вылучэнне ў склад участковых выбарчых камісій (УВК)

Вылучэнне прадстаўнікоў у склад УВК працягваецца да 5 жніўня. Рашэнні па складу камісій будуць прынятыя мясцовымі органамі выканаўчай улады да 8 жніўня. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” заявіла пра вылучэнне ў склад УВК 238 сваіх сябраў. Мінскае аддзяленне Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне” г. Мінска гавораць пра вылучэнне каля 80 чалавек. Абяцаюць праявіць актыўнасць на выбарах беларусы, якія зараз жывуць у ЗША. Два прадстаўнікі БНФ вылучаныя ў склад УВК, якая будзе ўтворана ў Ню-Ёрку. Шляхам збору подпісаў вылучаюцца сябры незарэгістраванай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Праўладныя партыі заяўляюць пра значна большыя колькасныя паказчыкі вылучэнцаў у УВК. Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці паведаміла пра 1200 сваіх прэтэндэнтаў. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя дае лічбу 280 чалавек.

Змяненне працэдуры выдачы бюлетэняў выбаршчыкам

Прынятая 27 ліпеня Пастанова ЦВК[2] істотна пашырыла пералік дакументаў, па якіх выбаршчык здолее атрымаць бюлетэнь і прыняць удзел у выбарах. Устаноўлена, што выбаршчык можа атрымаць бюлетэнь для галасавання, калі, акрамя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, прад’явіць: ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы); службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага; вадзіцельскае пасведчанне; пенсійнае пасведчанне і студэнцкі білет  (пры наяўнасці ў іх фатаграфіі); даведку органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт).

Сёння складанне спісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца органамі выканаўчай улады непразрыста і закрыта ад назіральнікаў, кожны выбаршчык мае магчымасць азнаёміцца са сваім прозвішчам у спісе, але не мае доступу да спісу цалкам. У такіх умовах выдача бюлетэняў па прад’яўленні дакументаў, у якіх не пазначана месца жыхарства і грамадзянства, можа стварыць умовы для незаконных маніпуляцый.



[1] Арт. 45.1 Выбарчага кодэксу дазваляе збіраць подпісы ў падтрымку асобы, якая прапануецца да вылучэння ў якасці кандыдата ў дэпутаты, шляхам правядзення вулічных пікетаў у месцах не забароненых адпаведнымі рашэннямі мясцовых органаў улады. Пры парвядзенні збору подпісаў сябрам ініцыятўных групаў дазваляецца знаёміць выбаршчкаў з біяграфічнымі звесткамі аб кандыдаце і забараняецца раздаваць якую б то не было агітацыйную прадукцыю. Афіцыйная агітацыя пачынаецца, згодна з арт. 45 ВК, пасля рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты адпаведнай АВК. Усе іншыя масавыя мерапрыемства адбываюцца ў парадку прадугледжаным Законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Агітацыя за байкот выбараў, з’яўляецца адным з відаў перадвыбарчай агітацыі, час якой пачынаецца з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Ранейшая агітацыя, у тым ліку агітацыя за байкот выбараў, можа быць расцененая як датэрміновая.

[2] О документах, на основании которых выдается бюллетень для голосования при проведении выборов депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва: Постановление Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов № 42 от 27 июля 2012 г.

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма