Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

На Віцебшчыне будзе 6 кандыдатаў ад "Справядлівага свету" і 4 ад Партыі БНФ

Такое рашэнне прынялі партыйныя з’езды, што адбыліся ў мінулыя выходныя.  5 жніўня з’езд партыі левых "Справядлівы свет" зацвердзіў кандыдатуры ўсіх ахвотных балатавацца. З'езд Партыі БНФ 4 жніўня адмовіў у вылучэнні па партыйных спісах старшыні Глыбоцкай суполкі Яраславу Берніковічу.

Партыйнае вылучанне стала другой спробай для рэгістрацыі ў якасці кандыдата для Мікалая Петрушэнкі, актывіста з пасёлка Коханава Талачынскага раёну. Зарэгістраваўшы ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27, ён неўзабаве напісаў заяву пра скасаванне групы.

Гэта быў акт пратэсту, кажа Мікалай Петрушэнка:

"Я заявіў, што адмаўляюся збіраць подпісы за сваё вылучэнне на знак пратэсту супраць таго, што выбарчая камісія акругі №27 не зарэгістравала ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча. Заяву пра гэта я пакінуў у камісіі, а таксама накіраваў старшыні райвыканкаму Ўладзіміру Дзедушкіну – ён таксама збірае подпісы па гэтай акрузе. Цяпер да ўдзелу ў выбарах мяне рэкамендуе партыя".

Мікалай Петрушэнка будзе балатавацца ў іншай акрузе – у Аршанскай гарадской №26. У рэгіёне ён вядомы і як  партыйны актывіст, і як удзельнік кампаніі "Наш дом".

А вось актыўнасць у кампаніі "Гавары праўду" для старшыні Глыбоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ Яраслава Берніковіча прывяла да цалкам супрацьлеглага выніку. Партыйны з'езд большасцю галасоў адмовіў яму ў вылучэнні кандыдатам ад Партыі БНФ менавіта за актыўны ўдзел у гэтай кампаніі.

Пытанні не з'ездзе былі па трох асобах: апрача Берніковіча, абмяркоўвалі кандыдатуру Алеся Страчука, бо той заявіў у анкеце, што не будзе выконваць рашэнне партыі аб зняцці з выбараў, і Валера Каранкевіча, які таксама далучыўся да  кампаніі «Гавары праўду!» Аднак  Каранкевіч тут жа на з'ездзе заявіў, што ён гатовы выканваць усе рашэнне партыі, што да стратэгіі выбарчай кампаніі. У выніку Страчука і Каранкевіча ўключылі ў партыйныя спісы, а Берніковіча -  не.

"Я зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, не чакаючы партыйнага вылучэння. Таму на сённяшні дзень я і мая каманда прайшлі сотні кватэр у Наваполацку, сабрана каля 1 200 подпісаў. Усё гэта рабіліся ў тым ліку і пад брэндам Партыі БНФ. Між іншым тыя, каго вылучылі на з'ездзе, не выкарысталі і ўжо не выкарыстаюць дадатковай магчымасці  размаўляць са сваімі выбаршчыкамі. А для мяне, дарэчы, сёлета пачалася ўжо трэцяя парламенцкая кампанія, у якой я ўдзельнічаю як партыец, прапагандуючы партыйныя ідэі. Таму з'езд, я лічу, прыняў цалкам нелагічнае рашэнне. Куды больш лагічна было б ці ўключыць мяне ў партыйны спіс разам з іншымі, ці ўжо зусім выключыць з партыі як "крывадушніка" і "здрадніка", -- каментуе сітуацыю Яраслаў Берніковіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма